Папа: прабачэнне робіць свабоднымі, радаснымі, здольнымі любіць
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак прысвяціў катэхезу постаці суданскай святой Жазэфіны Бакіты. Ён нагадаў, што на яе радзіме ўжо некалькі месяцаў трывае “жудасны ўзброены канфлікт, пра які мала гавораць”, а таксама заклікаў маліцца за народ Судана, каб мог жыць у міры. “Але слава святой Бакіты пераўзышла ўсе межы і дасягнула ўсіх, каму было адмоўлена ў тоеснасці і годнасці”, - дадаў Святы Айцец.
Жазэфіна Бакіта нарадзілася ў 1869 годзе ў “шматпакутным Дарфуры”. У сямігадовым узросце яе выкралі з сям’і і зрабілі нявольніцай. Рабаўнікі празвалі яе “Бакітай”, што значыць “шчаслівая”. У святой змянілася восем гаспадароў, а фізічныя і маральныя пакуты пакінулі яе без тоеснасці. Жанчына насіла на целе больш за сто шрамаў, але сведчыла: “Будучы рабыняй я ніколі не трапляла ў роспач, бо адчувала таямнічую сілу, якая падтрымлівала мяне”.
“У чым быў сакрэт святой Бакіты? Мы ведаем, што паранены чалавек часта сам раніць іншых; прыгнечаны з лёгкасцю сам становіцца прыгнятальнікам. Але пакліканне прыгнечаных заключаецца ў тым, каб вызваліць сябе і сваіх прыгнятальнікаў, становячыся людзьмі, якія аднаўляюць чалавечнасць. Толькі ў слабасці прыгнечаных можа ўбачыць сілу любові Бога, якая вызваляе абодвух. Святая Бакіта цудоўна выражае гэту праўду”, - сцвердзіў Пантыфік.
Папа распавёў, што аднойчы Жазэфіна Бакіта атрымала ў дар ад свайго гаспадара невялікі крыж, і паколькі ніколі ў жыцці не мела нічога, захоўвала яго як каштоўны скарб. Гледзячы на гэтае ўкрыжаванне, яна спазнавала глыбокае ўнутранае вызваленне, бо адчувала сябе зразуметай і любімай і таму здольнай разумець, любіць і быць спагадлівай, нават да тых, што чыніў памылкі і несправядлівасць, не апраўдваючы іх, а ачалавечваючы.
“Святая Бакіта, стала хрысціянкай, будучы перамененай словамі Хрыста, над якімі разважала кожны дзень: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць”. Яна казала: “Калі б Юда папрасіў прабачэння ў Езуса, ён бы таксама спазнаў міласэрнасць”. Можам сказаць, што жыццё святой Бакіты стала жыццёвай прыпавесцю пра прабачэнне”, - дадаў Францішак.
Пантыфік заўважыў, што прабачэнне, спачатку атрыманае ад Бога, а затым падараванае іншым, “зрабіла яе свабоднай, радаснай жанчынай, здольнай любіць”. Такім чынам “сваім прыкладам святая Жазэфіна Бакіта паказвае нам шлях да вызвалення ад рабства і страхаў, дапамагае пазбавіцца ад крывадушнасці і эгаізму, пераадолець жаданне помсты і канфліктнасць”.
“Дарагія браты і сёстры, прабачэнне нічога не забірае, але дадае годнасць асобе, дапамагае перанесці позірк з саміх сябе на іншых, каб убачыць, што яны такія ж кволыя як мы, але заўсёды браты і сёстры ў Пану. Браты і сёстры, прабачэнне – гэта крыніца руплівасці, якая становіцца міласэрнасцю і кліча да пакорнай і радаснай святасці, як у святой Бакіты”, - завяршыў сваю катэхезу Наступнік святога Пятра.