Пошук

Cвятая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса Cвятая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса  

Папа: Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса вучыць любові і даверу да Бога

“Толькі давер і нічога, акрамя даверу, павінен весці нас да любові", - такімі словамі святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса распачынаецца Апостальская адгартацыя Францішка з нагоды 150-годдзя з дня нараджэння і стагоддзя беатыфікацыі гэтай святой.

Марыя Валодзіна - Vatican News

На думку Папы, гэтыя словы пра бязмежны давер да Бога абагульняюць геніяльную духоўнасць святой Тэрэзы і служаць абгрунтаваннем таго, чаму яна была абвешчана доктарам Касцёла. Менавіта давер умацоўвае нас кожны дзень і дапамагае паўстаць перад тварам Пана, калі Ён кліча нас.

Пантыфік патлумачыў, што вырашыў не абнародаваць сваю адгартацыю ў дзень літургічнага ўспаміну святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса альбо ў гадавіну яе нараджэння ці беатыфікацыі, каб яго пасланне выйшла за рамкі гэтых урачыстасцяў і прымалася як частка духоўнай спадчыны Касцёла.

Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса – адна з самых вядомых і любімых святых ва ўсім свеце. Як і ў выпадку з святым Францішкам Асізскім, яе любяць як хрысціяне, так і няверуючыя. ЮНЕСКА прызнала яе адной з самых значных фігур сучаснага чалавецтва.

Яе зямное жыццё было кароткім, усяго дваццаць чатыры гады, і простым: спачатку ў сям'і, потым у кармеліцкім кляштары ў Лізьё. Адразу пасля яе смерці выявілася незвычайная сіла яе святла і любові. “Касцёл хутка прызнаў незвычайную каштоўнасць яе сведчання і арыгінальнасць яе евангельскай духоўнасці”, - напісаў Папа, нагадаўшы пра беатыфікацыю і кананізацыю святой Тэрэзы і яе бацькоў, а таксама іншыя формы прызнання яе вартасці Касцёлам.

Манаскае імя, якое святая абрала сабе, кажа аб тым, што ўвесь час, да апошняга ўздыху, яна "дыхала" імем Езуса. У сваім пакоі яна выгравіравала словы: "Езус - мая адзіная любоў", гэта была яе інтэрпрэтацыя кульмінацыйных слоў Новага Запавету: "Бог ёсць любоў" (1 Ян 4, 16).

Францішак звярнуў увагу на місіянерскую душу святой Тэрэзы, вера якой заклікала яе да місіі евангелізацыі. Нават усведамляючы набліжэнне смерці, яна выконвала гэту місію з палкім апостальскім духам, “таму што запаленая любоўю душа не можа бяздзейнічаць”.

Па словах Папы, адным з самых важных адкрыццяў святой Тэрэзы для ўсяго народа Божага з'яўляецца яе малы шлях даверу і любові, таксама вядомы як шлях духоўнага дзяцінства, па якому можа ісці кожны. Найвялікшым дарам Святога Духа і коранем усякай цноты святая лічыла міласэрнасць.

На думку Папы, актуальнасць вучэння святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса – у яе "малой велічы". “У час, калі людзі замыкаюцца ў сваіх інтарэсах і справах, святая Тэрэза паказвае нам прыгажосць прынясення жыцця ў дар. У час, калі пераважаюць самыя павярхоўныя патрэбы, яна становіцца сведкам евангельскай радыкальнасці. У час індывідуалізму яна запрашае нас адкрыць для сябе каштоўнасць любові, якая пераўтвараецца ў заступніцтва. У час апантанасці веліччу і новымі формамі ўлады, яна паказвае малы шлях прастаты і драбніцы. У час адчужэння яна вучыць нас прыгажосці клопату і адказнасці за іншых. У момант жыццёвых цяжкасцяў яна можа дапамагчы нам нанова адкрыць для сябе прастату, абсалютную перавагу любові, даверу і ўпэўненасці ў Богу, пераадольваючы логіку, якая напаўняе хрысціянскае жыццё абавязацельствамі і замарожвае радасць Евангелля. У час адступлення і закрыцця святая Тэрэза запрашае нас да місіянерства праз прыцягненне да Езуса Хрыста і Евангелля”, - падагуліў вучэнне святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса Францішак.

15 кастрычніка 2023, 10:14