Пошук

Місіянерскі кангрэс у Аргенціне. Ілюстрацыйнае фота Місіянерскі кангрэс у Аргенціне. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец заахвоціў далучыцца да Сусветнага дня місій

Папа звярнуў увагу вернікаў на тое, што ў нядзелю, 22 кастрычніка 2023 года, у Касцёле адзначаецца Сусветны дзень місій.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак нагадаў дэвіз гэтага года: Палаючыя сэрцы, ногі на шляху. “Гэта два вобразы, якія гавораць усё. Заахвочваю ўсіх у дыяцэзіях і парафіях да актыўнага ўдзелу ў Дні місій”, - сказаў ён.

У сваім пасланні, прымеркаваным спецыяльна да ініцыятывы, Святы Айцец выказаў духоўную блізкасць да ўсіх місіянераў у свеце, асабліва да тых, хто перажывае цяжкія часы: уваскрослы Пан заўсёды з імі, Ён бачыць іх шчодрасць і ахвяраванне дзеля распаўсюджвання Евангелля ў далёкіх кутках свету. “Не ўсе дні нашага жыцця напоўнены сонечным святлом, але будзем заўсёды памятаць словы Езуса: „У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет (Ян 16, 33)”, - сцвердзіў Папа.

Кожны місіянер закліканы стаць, падобна Езусу, “тым, хто ломіць хлеб дзеля міру”, - падкрэсліў Пантыфік. “Нават простае ламанне звычайнага хлеба разам з галоднымі ўжо з’яўляецца місіянерскім актам хрысціяніна”, - лічыць ён. Тым больш гэта датычыцца Эўхарыстычнага хлеба, бо Эўхарыстыя – гэта крыніца і вяршыня жыцця і місіі Касцёла. Каб прыносіць багаты плён, неабходна знаходзіцца ў адзінстве з Езусам у штодзённай малітве і глыбокай пашане да Эўхарыстыі.

Францішак падкрэсліў, што “кожны можа зрабіць свой асабісты ўнёсак у місіянерства: малітвай і дзеяннем, грашовымі ахвяраваннямі, сведчаннем”. Гэта, паводле Святога Айца, самая важная мэта Сінадальнага шляху, па якім ідзе Касцёл.

Напрыканцы Паслання Папа пажадаў вернікам рушыць у дарогу з палаючымі сэрцамі і расплюшчанымі вачыма, “каб распальваць сэрцы Словам Божым, адкрываць вочы на Езуса і запрашаць усіх ісці разам шляхам міру і збаўлення, які Бог падараваў чалавецтву”.
 

22 кастрычніка 2023, 13:17