Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Святы Айцец: хопіць праліваць кроў нявінных людзей!

Папа звярнуўся з заклікам аб міры на Блізкім Усходзе, ва Украіне, у Нагорным Карабаху і паўсюль, дзе ідуць войны. Ён запрасіў вернікаў прыняць удзел у Дне малітвы і посту ў інтэнцыі міру.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пасля нядзельнай малітвы, якая прайшла 15 кастрычніка 2023 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Францішак звярнуўся да вернікаў: “Дарагія браты і сёстры! Я працягваю з болем сачыць за тым, што адбываецца ў Ізраілі і Палестыне. Я думаю пра многіх, асабліва пра дзяцей і пажылых людзей. Я аднаўляю заклік да вызвалення закладнікаў і заклікаю не рабіць ахвярамі канфлікту дзяцей, хворых, старых, жанчын і ўсіх мірных жыхароў”.

Папа заклікаў да павагі гуманітарнага права, асабліва ў сектары Газа, дзе “неабходна тэрмінова гарантаваць гуманітарныя калідоры і дапамагчы насельніцтву”. “Ужо загінула вельмі шмат людзей. Калі ласка, хай не праліваецца больш нявінная кроў ні ў Святой Зямлі, ні ва Украіне, ні дзе-небудзь яшчэ! Хопіць! Войны – гэта заўсёды параза, заўсёды!” – заклікаў да спынення кровапраліцця Святы Айцец.

"Малітва – гэта мяккая і святая сіла, якая супрацьстаіць д'ябальскай сіле нянавісці, тэрарызму і вайны. Запрашаю ўсіх вернікаў далучыцца да Касцёла ў Святой Зямлі і прысвяціць наступны аўторак, 17 кастрычніка, малітве і посту”, – сказаў Папа.

Пантыфік зноў выказаў занепакоенасць крызісам у Нагорным Карабаху і сур'ёзным становішчу бежанцаў. Ён таксама звярнуўся з заклікам аб абароне рэлігійнай і культурнай спадчыны рэгіёна, манастыроў і месцаў культу, якія неабходна “паважаць і абараняць як частку мясцовай культуры, веравызнання і знак братэрства”.

Напрыканцы прамовы Францішак абвясціў аб публікацыі Апостальскай адгартацыі, прысвечанай духоўнай спадчыне святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса, і прывітаў розныя групы пілігрымаў, якія сабраліся на ватыканскай плошчы.

15 кастрычніка 2023, 13:23