Пошук

Папа падчас візіту ў Апарэсіду Папа падчас візіту ў Апарэсіду 

Святы Айцец: давяраю народ Бразіліі апецы Багародзіцы

Францішак выказаў сваю любоў да жыхароў Бразіліі і даверыў іх апецы Багародзіцы. Ён звярнуўся да насельніцтва гэтай краіны з кароткім відэапасланнем.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Сёння свята Маці Божай з Апарэсіды. Я нашу Яе ў сваім сэрцы. Я памятаю гэты горад і Багародзіцу. Няхай Яна благаславіць вас, няхай клапоціцца пра вас і пра ўсіх жыхароў Бразіліі. Я малюся за вас, удзяляю вам сваё благаслаўленне і прашу вас – маліцеся за мяне”, - сказаў Папа ў відэароліку, які быў запісаны ў кулуарах XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў, што праходзіць у ватыканскай Зале Паўла VI.

Урачыстасці ў гонар Маці Божай Апарэсідскай, нябеснай апякункі Бразіліі, традыцыйна праходзяць 12 кастрычніка. Санктуарый, у якім яна ўшаноўваецца, з’яўляецца самым вялікім у свеце. Ён знаходзіцца ў горадзе Апарэсіда ў штаце Сан-Паўлу на паўднёвым усходзе Бразіліі. У святыні захоўваецца славутая шматлікімі цудамі тэракотавая фігурка Багародзіцы, знойдзеная рыбакамі ў рацэ ў 1717 годзе. Памаліцца ля яе штогод прыходзяць тысячы вернікаў. Марыйны санктуарый Маці Божай Апарэсідскай, з’яўляецца чацьвёртым у свеце наведвальнасці пілігрымамі.

Францішак быў у Апарэсідзе ў 2013 годзе падчас свайго візіту ў Бразілію з нагоды Сусветных дзён моладзі, што праходзілі ў Рыа-дэ-Жанейра. У 2016 годзе ён благаславіў скульптурную кампазіцыю з выявай Маці Божай Апарэсідскай, якая была ўстаноўлена ў Ватыканскіх садах.
 

12 кастрычніка 2023, 12:00