Пошук

Францішак: барацьба са злоўжываннямі аднаўляе давер да Касцёла

Мы не можам спыніцца ў нашых дзеяннях па барацьбе з любымі формамі злоўжыванняў – сексуальных, улады і сумлення, - адзначыў Францішак 18 лістапада 2023 года ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў 1-й Нацыянальнай нарады службаў і тэрытарыяльных цэнтраў па абароне непаўналетніх і ўразлівых у Італіі. Яны дзейнічаюць пад эгідай мясцовай біскупскай канферэнцыі.

Ён патлумачыў значэнне слова абараняць – гэта, перш за ўсё, “актыўна ўдзельнічаць у болі параненых людзей і гарантаваць, што ўся супольнасць нясе адказнасць за абарону непаўналетніх і найбольш уразлівых асоб”. Тут павінна быць задзейнічана ўся хрысціянская супольнасць “з усім багаццем яе кампанентаў і кампетэнцый”, таму што дзейнасць па абароне “з’яўляецца неад’емнай часткай місіі Касцёла ў будаванні Божага Валадарства”.

“Абараняць – значыць накіроўваць сваё сэрца, свой позірк і свае дзеянні на карысць самых малых і самых безабаронных”, - падкрэсліў Святы Айцец. Але не толькі гэта – абарона палягае і “на прадухіленні магчымасцяў для прычынення шкоды”, чаму спрыяюць пастаянныя навучальныя мерапрыемствы, “накіраваныя на распаўсюджванне чуласці і ўвагі да абароны самых далікатных сярод людзей”.

“На злачынцах ляжыць маральны абавязак глыбокага асабістага навяртання, якое вядзе да прызнання ўласнай нявернасці пакліканню, да аднаўлення духоўнага жыцця і да пакорнай просьбы аб прабачэнні за зробленае”

Каб абараняць, трэба ўмець слухаць. “Слуханне – гэта рух сэрца, а таксама фундаментальная магчымасць паставіць тых, хто пакутаваў або пакутуе, і тых, хто найбольш далікатны і ўразлівы, у цэнтры ўсіх нашых дзеянняў”, - заўважыў Францішак.

Ён перакананы, што “выслухоўванне ахвяр з'яўляецца неабходным крокам для развіцця культуры прафілактыкі, якая матэрыялізуецца ў навучанні ўсёй супольнасці, у выкананні працэдур і перадавога вопыту, у пільнасці і ў той яснасці дзеянняў, якая стварае і аднаўляе давер”.

Залечванне ран ахвяр злоўжыванняў – гэта яшчэ і справа справядлівасці. Менавіта па гэтай прычыне, перакананы Папа, важна “прыцягваць да адказнасці тых, хто здзяйсняе такія злачынствы, асабліва ў касцёльным кантэксце”. “А на іх саміх ляжыць маральны абавязак глыбокага асабістага навяртання, якое вядзе да прызнання ўласнай нявернасці пакліканню, да аднаўлення духоўнага жыцця і да пакорнай просьбы аб прабачэнні за зробленае”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак лічыць, што дзейнасць службаў па абароне непаўналетніх і ўразлівых “каштоўная як для пацярпелых, так і для ўсёй касцёльнай супольнасці”, “гэта спосаб стварэння даверу, які вядзе да сапраўднага абнаўлення”.
 

18 лістапада 2023, 10:48