Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак падзяляе занепакоенасць сітуацыяй Касцёла ў Германіі

“Я таксама падзяляю занепакоенасць шматлікімі канкрэтнымі крокамі, якія цяпер рэалізуе значная частка мясцовага Касцёла”, - напісаў Папа ў асабістым лісце чатыром нямецкім каталічкам, каментуючы сітуацыю вакол нямецкага Сінадальнага шляху.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У тэксце, апублікаваным у штодзённіку Die Welt, Францішак крытыкуе стварэнне Сінадальнай камісіі, якая павінна падрыхтаваць увядзенне Сінадальнай рады – кансультатыўна-вырашальнага органа. Ён падкрэслівае, што такі орган не можа быць узгоднены з сакрамэнтальнай структурай Каталіцкага Касцёла, і што яго стварэнне было забаронена Святым Пасадам у лісце ад 16 студзеня 2023 года, ухваленым Святым Айцом.

“Замест таго, каб шукаць "збаўлення" ва ўсё новых і новых камітэтах і з нейкай самарэферэнтнасцю пастаянна абмяркоўваць адны і тыя ж пытанні, у сваім Лісце да народа Божага на шляху ў Германіі я хацеў нагадаць аб неабходнасці малітвы, пакаяння і адарацыі і заклікаць адкрыцца і выйсці "насустрач нашым братам і сёстрам, асабліва пакінутым на парозе нашых касцёлаў, на вуліцах, у турмах і бальніцах, на плошчах і ў гарадах". Я перакананы: там Пан пакажа нам шлях”, - напісаў Пантыфік.

Падрыхтаваць стварэнне Сінадальнай рады павінна Сінадальная камісія. У рамках гэтага новага органа біскупы і свецкія католікі хочуць працягваць кансультацыі аб уладзе, ролі жанчыны, сексуальнай маралі і ладзе жыцця святара. Сінадальная камісія пачала працу 10 лістапада 2023 года.

Асабісты ліст Францішка да двух тэолагаў Катарыны Вестэрхорстман і Марыяны Шлосер, журналісткі Даратэі Шміт і філосафа Ханны-Барбары Герл-Фалькавіц датуецца 10 лістапада 2023 года і з’яўляецца адказам на іх ліст ад 6 лістапада. Яны выказалі занепакоенасць будучыняй адзінства з Рымам у святле працэсу нямецкіх рэформ, якія прасоўвае так званы Сінадальны шлях.

Усе чатыры атрымальніцы папскага ліста былі дэлегатамі на Сінадальным шляху і адмовіліся ад сваіх мандатаў у лютым 2023 года, незадоўга да пачатку пятай асамблеі гэтага органа. Яны патлумачылі сваё рашэнне тым, што Касцёл у Германіі ўсё больш і больш аддаляецца ад Паўсюднага Касцёла праз Сінадальны шлях, які ставіць пад сумнеў фундаментальнае каталіцкае вучэнне.

Вестэрхорстман сказала Die Welt: “Мы былі здзіўлены, што Папа адказаў нам на працягу некалькіх дзён”. “Мы ўдзячныя за яснасць яго слоў. Клопат аб адзінстве датычыць не толькі Германіі, але мае вялікае значэнне для ўсяго паўсюднага сусветнага Касцёла”, - сказала нямецкі тэолаг.
 

21 лістапада 2023, 13:21