Пошук

Пантыфік: багацце харызмаў павінна служыць усяму Касцёлу

На шляху да святасці заўсёды трэба ісці наперад праз асабістае навяртанне і шчодрае прынясенне сябе ў дар Хрысту і іншым, а не толькі з мэтай уласнага “духоўнага дабрабыту”, - нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

4 лістапада 2023 года Францішак прыняў удзел у сустрэчы, арганізаванай у ватыканскай Зале Паўла VI Міжнародным каталіцкім служэннем харызматычнага аднаўлення СHARIS – каардынацыйным органам харызматычных рухаў у Каталіцкім Касцёле.

Францішак заўважыў, што арганізацыя паклікана быць “голасам, які суправаджае і ўказвае ўсім супольнасцям шлях, што трэба прайсці ў адзінстве”. “Можна сказаць, што СHARIS – гэта “акно” ў вялікі і разнастайны свет каталіцкага харызматычнага аднаўлення”, - дадаў ён.

Папа падтрымаў ініцыятыву так званых Семінараў новага жыцця, якія праводзіць CHARIS, даючы людзям магчымасць “сустрэчы з жывым Хрыстом, Яго словам і Духам, Яго Касцёлам, як месцам гасціннага прыняцця, ласкі, прымірэння і адраджэння на новага жыцця”. Ён пажадаў, каб гэтыя ініцыятывы закраналі таксама самыя малыя, бедныя і перыферыйныя каталіцкія супольнасці.

Святы Айцец заўважыў, што пасля ўдзелу ў такіх семінарах людзі павінны мець магчымасць для захавання полымя сваёй веры, якое рызыкуе згаснуць. Для гэтага патрэбны фармацыйныя шляхі, якія дапамогуць “падтрымліваць жывой атрыманую ласку і будуць спрыяць паступоваму працэсу ўзрастання ў веры, малітоўным жыцці, маральных паводзінах, удзеле ў сакрамэнтах, справах міласэрнасці і місіі Касцёла”.

Францішак падкрэсліў, што CHARIS паклікана садзейнічаць рэалізацыі розных харызмаў не толькі ў асяроддзі каталіцкага харызматычнага аднаўлення, але ва ўсім Касцёле. Іншае заданне – “заахвочваць да паглыблення духоўнасці і да святасці людзей, якія жывуць досведам хросту ў Святым Духу”. Ён нагадаў, што на шляху да святасці заўсёды трэба ісці наперад праз асабістае навяртанне і шчодрае прынясенне сябе ў дар Хрысту і іншым, а не толькі з мэтай уласнага “духоўнага дабрабыту”.

Пантыфік заклікаў сваіх гасцей даваць падтрымку і парады пастырам у суправаджэнні ўсіх груп і разнастайных рэальнасцей, якія адносяцца да харызматычнага аднаўлення, пазбягаючы спакусы імкнення да ўлады і ўплыву, даючы месца новым пакаленням і займаючыся фармацыяй моладзі, з якой выйдуць новыя лідары.

“Падчас нашай першай сустрэчы ў чэрвені 2019 года мы правялі хвіліну ў цішыні ў малітве за мір, успамінаючы пра сустрэчу ў Ватыкане прэзідэнтаў Дзяржавы Палестына і Дзяржавы Ізраіль. Вайна знішчае таксама памяць аб кроках да міру. Не дазволім скрасці гэту памяць! Памолімся хвіліну ў цішыні за мір ва ўсім свеце”, - заахвоціў сваіх гасцей Святы Айцец на заканчэнне сустрэчы.
 

04 лістапада 2023, 12:02