Францішак да святароў: не пакідаць братоў і сясцёр у бядзе
Марыя Валодзіна - Vatican News
Святы Айцец адзначыў, што ўважліва азнаёміўся з іх шматлікімі пытаннямі, і разважаючы над тым, як адказаць, узгадаў святую Тэрэзу Авільскую. Калі ў яе канфіскавалі кнігі, яе жывой кнігай стаў Езус. “Кніга, якую я настойліва рэкамендую вам – Хрыстус”, - звярнуўся Папа да гасцей.
Пантыфік нагадаў, што ў наступным годзе ў Злучаных Штатах плануецца правесці Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс, заступнікамі якога стануць благаслаўлёны Карла Акуціс і святы Мануэль Гансалес. Абодва вызначыліся ў мастацтве чытання гэтай кнігі на каленях перад алтаром.
Ключ да пастаўленых святарамі пытанняў Папа знайшоў менавіта ў катэхезах святога Мануэля. Вартым пераймання ўзорам, тады і цяпер, гэты святы лічыў жанчын, якія знаходзіліся на Галгофе побач з Крыжам. “Тое ж бяссілле, тое ж жаданне змагацца з несправядлівасцю, якое адчувалі евангельскія жанчыны ў тыя часы, можам адчуваць і мы перад тварам праблем мігрантаў, закрытасці грамадзянскіх і рэлігійных уладаў, міжкультурных праблем, складанасці евангелізацыі і іншых”, - запэўніў Святы Айцец. “Езус не перастае пакутаваць" перад тварам гэтых цяжкасцяў і просіць нас зрабіць што-небудзь, каб палегчыць гэты боль, - зазначыў Пантыфік, заклікаючы гасцей не пакідаць братоў і сясцёр у няшчасці і праслаўляць Езуса нават падчас Мукі, перад абліччам пакут.
У пошуку адказаў на пытанні і праблемы Папа заклікаў святароў натхняцца святымі. “Некаторыя адказы, магчыма, здадуцца вам наіўнымі, напрыклад, намаганні маладога Карла Акуціса распаўсюдзіць яго выдатнае адкрыццё - аўтадарогу на Неба. Іншыя здадуцца вам занадта вялікімі, напрыклад, сацыяльныя і апостальскія справы святога Мануэля”, - адзначыў Папа, запрашаючы святароў “пачаць сёння, з простай малітвы, слова блізкасці, братэрства і ўпартай працы”.
Напрыканцы прамовы Папа заахвоціў святароў не спадзявацца толькі на вялікія ідэі або пастырскія праграмы, не шукаць вінаватых, але аддацца Таму, хто паклікаў іх, з упэўненасцю, што Ён прынясе іх намаганням добры плён.