Пошук

Папа падчас аўдыенцыі для італьянскім медыкаў Папа падчас аўдыенцыі для італьянскім медыкаў  (ANSA)

Пантыфік: медыцына патрабуе спагады і клопату

Медыцына, якая адмаўляецца ад клопату і ўкараняецца ў дэгуманізаваных і бесчалавечных працэдурах, ужо не з’яўляецца мастацтвам лячэння, - падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

18 лістапада 2023 года Папа прыняў на аўдыенцыі членаў Італьянскай федэрацыі педыятраў і Асацыяцыі італьянскіх бальнічных оталарынголагаў. Пантыфік заўважыў, што педыятры аказваюць каштоўную падтрымку маладым сужэнскім парам, дапамагаючы ім расціць дзяцей, а “дзеці – гэта заўсёды дар і благаслаўленне Пана”.

“На жаль, Італія – гэта краіна, якая старэе: спадзяемся, што мы зможам змяніць тэндэнцыю, ствараючы спрыяльныя ўмовы для таго, каб моладзь мела больш даверу і знайшла адвагу і радасць быцця бацькамі”, - сказаў Пантыфік.

Звяртаючыся да оталарынголагаў Святы Айцец заўважыў, што яны лечаць органы, неабходныя для адносін паміж людзьмі. Ён нагадаў пра ўвагу Езуса Хрыста да нямых і глухіх і заклікаў урачоў натхняцца тымі жэстамі і словамі, якія чыніў Збаўца, аздараўляючы іх, бо ў гэтых жэстах і словах “выяўляецца спачуванне і пяшчота Бога да нас, асабліва да тых, хто каму цяжка жыць у адносінах”.

Францішак звярнуў увагу на складаную сітуацыю ў сферы аховы здароўя ў Італіі, звязазаную з недахопам медыцынскага персаналу, што прыходзіць да непасільнай нагрузкі, і, як вынік, да ўцёкаў з медыцынскіх прафесій. “Эканамічны крызіс, які працягваецца, адбіваецца на якасці жыцця пацыентаў і ўрачоў: колькі ранніх дыягназаў не ставяць? Колькі людзей адмаўляюцца ад лячэння? Колькі дактароў і медсясцёр, знясіленых і стомленых, кідаюць усё або аддаюць перавагу таму, каб з’ехаць працаваць за мяжу?”, - канстатаваў сумную рэальнасць Пантыфік.

Папа заўважыў, што эканамічны крызіс падрывае карыстанне правам на здароўе, а таксама звярнуў увагу таксама на распаўсюджванне двух супрацьлеглых, але аднолькава небяспечных феноменаў: з аднаго боку – гэта пошук здароўя любым коштам, утопія выкаранення хвароб, ліквідацыі штодзённага досведу ўразлівасці і абмежаванасці; а з іншага – пакіданне самых слабых і безабаронных, якім, у некаторых выпадках, у якасці адзінага выйсця прапануецца смерць. “Але медыцына, якая адмаўляецца ад клопату і ўкараняецца ў дэгуманізаваных і бесчалавечных працэдурах, ужо не з’яўляецца мастацтвам лячэння”, - сказаў ён.

Святы Айцец заклікаў урачоў натхняцца прыкладам евангельскага Добрага Самараніна, бескрарысліва дапамагаючы хворым, будучы адкрытымі да іх і несучы ім надзею. Пантыфік заахвоціў медыкаў адносіцца да пацыентаў не са шкадаваннем, але са спагадай, якая з’яўляецца “незаменным інструментам дыягностыкі!” “У рэшце рэшт, Езус з’яўляецца дасканалым лекарам, ці не так?”, - спытаў Францішак, выказваючы пажаданне, каб працы медыцынскіх работнікаў была вернута належная годнасць і былі створаны ўмовы для яе эфектыўнага выканання.
 

18 лістапада 2023, 12:23