Галоўныя цэлебрацыі з удзелам Пантыфіка ў снежні і cтудзені
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Расклад публічных набажэнстваў, якія пройдуць у бліжэйшыя месяцы з удзелам Францішка, абнародавала 28 лістапада 2023 года Служба папскіх літургічных цэлебрацый.
Вігілійная Імша з нагоды ўрачыстасці Божага Нараджэння распачнецца 24 снежня ў 19.30 у базіліцы святога Пятра. Апоўдні 25 снежня Пантыфік з цэнтральнай лоджыі сабора святога Пятра звернецца з традыцыйным пасланнем Urbi et Orbi да жыхароў Рыма і ўсяго свету і ўдзеліць ім урачыстае благаслаўленне.
У нядзелю 31 снежня у 17.00 Папа ўзначаліць у ватыканскай базіліцы Нешпары з нагоды ўрачыстасці святой Багародзіцы Марыі і спеў гімна Te Deum у падзяку за мінулы год.
У першы дзень новага 2024 года – ва ўрачыстасць святой Багародзіцы і 57-ы Сусветны дзень міру – у 10.00 Пантыфік будзе цэлебраваць урачыстую Імшу ў базіліцы святога Пятра. Там жа ён узначаліць 6 студзеня Эўхарыстыю ў свята Аб'яўлення Пана, таксама ў 10 гадзін раніцы.
У нядзелю Хросту Пана, 7 студзеня 2024 года, у 9.30 Францішак будзе цэлебраваць Імшу і пахрысціць дзяцей у Сікстынскай капэле.