Францішак на Сусветны дзень моладзі: цешцеся надзеяй
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Тэмай звароту сталі словы, якія святы Павел скіраваў да рымскай хрысціянскай супольнасці ў часы жорсткага пераследу: Цешцеся надзеяй (Рым 12,12). Гэта была тая “радасць надзеі”, якую прапаведаваў сам апостал: яна вынікае з пасхальнай таямніцы Хрыста, сілы Яго ўваскрасення, а не з’яўляецца “плёнам чалавечых высілкаў, інтэлекту ці мастацтва”, - напісаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што гаворка ідзе пра “радасць, якая ўзнікае ў выніку сустрэчы з Хрыстом” і ўсведамлення таго, што з’яўляемся прынятымі і любімымі Нябесным Айцом.
“На жаль многія вашы аднагодкі, якія перажываюць досвед вайны, гвалту, цкавання і розныя формы няшчасцяў, пакутуюць ад роспачы, страху і дэпрэсіі. Яны адчуваюць сябе ў цёмнай вязніцы, няздольныя ўбачыць прамяні сонца. Гэта драматычным чынам паказвае высокі ўзровень самагубстваў сярод моладзі ў розных краінах”, - напісаў ён.
Пантыфік перакананы, што перад абліччам шматлікіх трагедый мы “можам быць выразам” Божай любові, “якая нараджае радасць і надзею нават там, дзе гэта здаецца немагчымым”. Папа паставіў у прыклад галоўнага героя мастацкага фільма “Жыццё – цудоўнае” – “маладога бацьку, які з лагоднасцю і фантазіяй здолеў ператварыць жорсткую рэальнасць у свайго роду прыгоду і гульню, падарыўшы такім чынам свайму сыну “вочы надзеі”, абараніўшы яго ад жахаў канцэнтрацыйнага лагера, захаваўшы яго нявіннасць і перашкодзіўшы чалавечаму злу скрасці ў яго будучыню.
Францішак заўважыў, што сведкамі надзеі пасярод самых жудасных праяў чалавечай злобы былі не толькі выдуманыя персанажы – імі былі таксама шматлікія святыя, сярод якіх ён згадаў Максімільяна Кольбэ, Жазэфіну Бакіту, благаслаўлёных Юзафа і Вікторыю Ульмаў і іх сямёра дзяцей.
Папа спаслаўся на французскага філосафа Шарля Пегі, які называў боскія цноты – веру, надзею і любоў – трыма сёстрамі, якія ідуць разам, а надзею – найменшай з іх. Нягледзячы на “пакорны” характар гэтай цноты, без яе немагчыма жыць: надзея – соль нашай штодзённасці, - падкрэсліў Святы Айцец.
Пантыфік нагадаў, што надзея з’яўляецца плёнам Пасхі. “Хрысціянская надзея – гэта не просты аптымізм і не фальшывы лек для даверлівых: гэта ўпэўненасць, укаранёная ў любові і веры ў тое, што Бог ніколі не пакіне нас саміх і захавае сваё абяцанне: “Калі нават пайду далінай смяротнага ценю, не буду баяцца зла, бо Ты са мною” (Пс 23,4). Хрысціянская надзея – гэта не адмаўленне болю і смерці, гэта святкаванне любові ўваскрослага Хрыста, які заўсёды з намі, нават калі здаецца далёкім. “Сам Хрыстус з’яўляецца для нас цудоўным святлом надзеі і кіраўніцтва ў нашай ночы, таму што Ён – “ясная ранішняя зорка” (Christus vivit, 33)”, - падкрэсліў ён.
Святы Айцец папярэдзіў, што іскра надзеі можа згаснуць, таму яе трэба заўсёды бараніць, каб працягвала ззяць. У першую чаргу для гэтага патрэбна малітва. “Дарагая моладзь, калі густы туман страху, сумневаў і прыгнёту акружае вас і вы не можаце больш разглядзець сонца, станавіцеся на сцежку малітвы, бо калі больш ніхто не слухае мяне, працягвае слухаць Бог”, - дадаў Пантыфік.
Іншы сродак для падтрымання надзеі – канкрэтныя штодзённыя рашэнні. Папа заклікаў выбіраць “лад жыцця, заснаваны на надзеі”. Ён паставіў у прыклад прысутнасць моладзі ў сацыяльных сетках: калі там здаецца прасцей распаўсюджваць кепскія навіны, канкрэтным рашэннем будзе намер дзяліцца “словамі надзеі”.
Францішак заўважыў, што выходзячы ўвечары на вуліцу моладзь запальвае ліхтарыкі сваіх смартфонаў, каб асвяціць дарогу, а на канцэртах тысячы такіх агеньчыкаў ствараюць вельмі прыгожую карціну. “Уначы святло дапамагае нам бачыць рэчы па новаму, і нават цемра набывае вымярэнне прыгажосці. Падобным чынам адбываецца са святлом надзеі, якім ёсць Хрыстус. Наша жыццё становіцца асветленым Ім, Яго ўваскрасеннем. Разам з Ім мы бачым усё ў новым святле”, - напісаў Пантыфік, нагадваючы, што калі святому Яну Паўлу ІІ прадстаўлялі якую-небудзь праблему, ён пытаўся: “Як яна выглядае ў святле веры?”.
Святы Айцец заклікаў моладзь дапамагаць аднагодкам, якія згубілі надзею; не дазваляць абыякавасці і індывідуалізму заразіць сабе; быць адкрытымі каналамі, па якіх надзея Езуса можа цячы і распаўсюджвацца ў тыя асяроддзі, у якіх яны жывуць.