Пошук

Пантыфік на ватыканскім паказе фільма пра вайну ва Украіне

21 лістапада 2023 года вечарам Францішак паўдзельнічаў у ватыканскім паказе дакументальнага фільма пра вайну ва Украіне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Стужку Яўгена Афінееўскага Свабода ў агні: барацьба Украіны за свабоду ў Новай сінадальнай зале разам з Папам глядзелі дыпламаты, уключаючы пасла Украіны пры Святым Пасадзе, а таксама італьянскія і замежныя госці.

Святы Айцец застаўся да канца прагляду і пасля хвіліны маўчання, праведзенай у малітве за ахвяр канфлікту, і кароткага выступлення рэжысёра звярнуўся з прывітаннем да ўдзельнікаў, дзякуючы ім за тое, што раздзялілі з ім такі моцны боль.

"Войны – гэта заўсёды параза, і мы, бачачы гэтую жорсткасць, гэты народ, які абараняе сваю самабытнасць, павінны быць побач з людзьмі, якія прынялі на сябе такую колькасць пакут, і маліцца за гэты народ, маліцца аб тым, каб наступіў мір", - сказаў Францішак.

Рэжысёр некалі прызнаўся, што яго мэтай было дастукацца да тых, хто ігнаруе вайну ва Украіне, падахвоціць іх да дзеяння, распавесці праўдзівыя гісторыі пра ўкраінцаў, абудзіць сумленне людзей. Фільм ён прысвяціў журналістам і кожнаму, хто штодня рызыкуе сваім жыццём, каб паказаць тое, што адбываецца ва Украіне.
 

22 лістапада 2023, 10:42