Пошук

Пантыфік прыняў дэлегацыю сікхаў з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў

Навядзенне мастоў паміж людзьмі і служэнне бедным – гэта благаслаўленне і ўзбагачэнне для нашага жыцця, - адзначыў Папа, прымаючы 11 лістапада 2023 года сікхаў з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дэлегацыя прыбыла ў Ватыкан з розных краін па ініцыятыве гуру Нанака Дарбара з Дубая.

“Мне было вельмі прыемна даведацца пра натхнёнае верай служэнне, прапанаванае вамі ў краінах, якія, хоць і знаходзяцца далёка ад вашых родных месцаў, сталі вашым домам. Гэтыя намаганні дэманструюць вашу прыхільнасць жыць у веры і спрыяць дабру грамадства, імкнучыся інтэгравацца і ў той жа час заставацца вернымі вернасць сваёй самабытнасці. Больш за тое, будуючы масты паміж людзьмі і асабліва служачы бедным і людзям, якія жывуць у нястачы і пакутуюць, вы ўсведамляеце, якое гэта благаслаўленне і ўзбагачэнне для вашага ўласнага жыцця”, - адзначыў Францішак.

Ён звярнуў увагу на ўзаемасувязь паміж верай і служэннем. “Самаадданае служэнне, асабліва тым з нас, хто меншы і знаходзіцца на ўскрайку грамадства, не толькі дапамагае нам усведамляць сваю маласць і недастатковасць, але і набліжае нас да Бога. Таму няхай гэта заўсёды будзе вашым стылем жыцця, і няхай вы будзеце благаслаўленнем для ўсіх тых, каму служыце, спрыяючы духу братэрства і роўнасці, справядлівасці і міру. Няхай благаславіць вас Бог!” - пажадаў Францішак сваім гасцям.
 

11 лістапада 2023, 13:06