Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа: справядлівасць – аснова сацыяльнай гармоніі

Справядлівасць – гэта ўмова, без якой немагчыма дасягненне сацыяльнай гармоніі і ўсеагульнага братэрства, якіх моцна патрабуе свет, - нагадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

28 лістапада 2023 года Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў пасяджэння Міжнароднай арганізацыі па праве на развіццё (IDLO), якое праходзіць у 40-ю гадавіну заснавання гэтага аб’яднання. Ён пажадаў, каб арганізацыя працягвала спрыяць міру і ўстойліваму развіццю, а таксама падтрымліваць ініцыятывы, якія дапамагаюць зрабіць справядлівасць даступнай усім, асабліва самым слабым членам грамадства.

“Справядлівасць – гэта неад’емная ўмова, без якой немагчыма дасягненне сацыяльнай гармоніі і ўсеагульнага братэрства, у якіх сёння мы маем вострую патрэбу. Яна таксама з’яўляецца цнотай, неабходнай для будавання свету, у якім канфлікты вырашаюцца выключна мірным шляхам, не законам больш моцнага, але моцай закона”, - напісаў Папа.

“На жаль, мы далёкія ад дасягнення гэтай мэты”, - падкрэсліў Святы Айцец, нагадваючы пра шматлікія гвалтоўныя сутыкненні, трагічныя наступствы кліматычных змен, карупцыю і няроўнасць у свеце. Ён заклікаў бараніць правасуддзе, арыентаванае на інтарэсы людзей, для ўмацавання мірных, справядлівых і інклюзіўных грамадстваў.

Прынцып вяршэнства права павінен дзейнічаць заўсёды, у тым ліку ў перыяды крызісаў, бо ён знаходзіцца на службе чалавеку і мае на мэце абарону яго годнасці, - заўважыў Францішак, нагадваючы, што толькі закон можа быць перадумовай для ажыццяўлення ўлады, а гэта значыць, што дзяржаўныя органы павінны гарантаваць павагу да вяршэнства закона, незалежна ад дамінуючых палітычных інтарэсаў.

“Вяршэнства права можа адыгрываць істотную ролю ў вырашэнні глабальных крызісаў, аднаўленні даверу і легітымнасці ў дзяржаўным кіраванні, барацьбе з няроўнасцю, павышэнні дабрабыту людзей, садзейнічанні абароне іх асноўных правоў, заахвочванні іх да належнага ўдзелу ў працэсе прыняцця рашэнняў і садзейнічанні распрацоўцы законаў і палітыкі, якія адпавядаюць іх рэальным патрэбам, дапамагаючы такім чынам стварыць свет, у якім да ўсіх людзей ставяцца з годнасцю і павагай”, - напісаў Папа.

Святы Айцец асаблівым чынам адзначыў намаганні Міжнароднай арганізацыі па праве на развіццё ў сферы абароны кліматычнай справядлівасці, паляпшэнні распараджэння зямлёй і ўстойлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Ён падкрэсліў, што кліматычныя змены – гэта пытанне справядлівасці паміж пакаленнямі. “Дэградацыя планеты не толькі перашкаджае спакойнаму і гарманічнаму суіснаванню ў сучаснасці, але і ў значнай ступені ставіць пад пагрозу інтэгральны прагрэс будучых пакаленняў”, - папярэдзіў Пантыфік.

Францішак заклікаў прыкладаць намаганні ў сферы барацьбы з карупцыяй, пачынаючы з навучання дзяцей прынцыпам сумленнасці і павагі да законнасці, каб закладаць асновы грамадства, у якім карупцыя не будзе знаходзіць урадлівай глебы для ўкаранення.
 

28 лістапада 2023, 14:43