Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: адносіны да жанчыны – паказчык узроўню чалавечнасці

Святы Айцец скіраваў пасланне да арганізатараў агульнанацыянальнай італьянскай кампаніі па барацьбе супраць насілля над жанчынамі, падкрэсліваючы важнасць і неадкладнасць дзеянняў у гэтай сферы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Насілле над жанчынамі – гэта атрутнае пустазелле, ад якога пакутуе наша грамадства і якое неабходна вырваць з каранямі. Гэтыя карані з’яўляюцца культурнымі і ментальнымі, яны прарастаюць на глебе забабонаў, уладання і несправядлівасці”, - адзначыў Францішак.

Кампанія Доўгая хваля супраць мужчынскага насілля над жанчынамі праходзіць 9 лістапада 2023 года па ініцыятыве Radio1Rai і цэнтра дапамогі жанчынам, якія пацярпелі ад насілля Cadmi D.I.Re.

Папа заклікаў “не заставацца абыякавымі” і “дзейнічаць тэрмінова, на ўсіх узроўнях, з рашучасцю, неадкладнасцю і адвагай”, каб даць голас “нашым сёстрам”, якія яго не маюць. Адносіны да жанчыны паказваюць наш узровень чалавечнасці, - напісаў ён, думаючы пра шматлікіх жанчын, якія “падвергліся гвалту, злоўжыванням, ператварэнню ў нявольніц, ахвяр дэспатызму тых, хто думае, што можа распараджацца іх целам і жыццём, прымушаных скарыцца перад прагнасцю мужчын”.

“У многіх месцах і многіх сітуацыях жанчыны ставяцца на другі план”, лічацца “ніжэйшымі”, быццам рэчы, але калі “асоба зводзіцца да ўзроўню рэчы, тады перастае быць бачнай яе годнасць”, яна разглядаецца выключна як уласнасць, з якой можна рабіць усё, нават знішчыць, - з жалем канстатаваў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў неадназначную ролю сродкаў масавай інфармацыі, якія, з аднаго боку спрыяюць прасоўванню жанчын, а з іншага “трансліруюць пасланні, заснаваныя на геданізме і спажывецтве, мадэлі якіх, мужчыны і жанчыны, падпарадкоўваюцца крытэрыям поспеху, самасцвярджэння, канкурэнцыі, сілы прывабліваць іншага і панаваць над ім”. Папа папярэдзіў: там дзе ён панаванне – там ёсць злоўжыванне, але Бог хоча, каб усе былі свабоднымі і мелі паўнату годнасці.

Святы Айцец звярнуў увагу на вострую неабходнасць у “адукацыйнай дзейнасці, якая, пачынаючы з сям’і, будзе ставіць у цэнтр асобу з яе годнасцю” і спрыяць “справядлівым і ўраўнаважаным адносінам, заснаваным на ўзаемнай павазе і прызнанні”.
 

09 лістапада 2023, 10:12