Францішак: добрыя ўчынкі павінны паказваць міласэрнае аблічча Бога
Аляксандр Панчанка - Vatican News
6 лістапада 2023 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю Апостальскага брацтва міласэрнасці і супольнасці Малога дома міласэрнасці ў Джэле – невялікім горадзе на паўднёвым захадзе Сіцыліі.
Звяртаючыся да сваіх гасцей, ён падкрэсліў, што дзякуючы разнастайнасці і ўзаемадапаўняльнасці дароў, якімі яны надзелены, стала магчымай рэалізацыя праекту, які аказвае канкрэтную дапамогу людзям і ўключае ў сябе вельмі шырокі спектр ініцыятыў: сталоўку для бедных, рамесныя майстэрні, цэнтр дапамогі школьнікам і месца для дыялогу сем’яў, што перажываюць цяжкасці.
“Бачна, што вы дазволілі патрэбам братоў і сясцёр, якіх сустрэлі на вашым шляху, асабліва апошніх і патрабуючых, справакаваць і ўзрушыць вас. Перад іх абліччам вы не “прайшлі міма”, але спыніліся, наблізіліся і паклапаціліся з крэатыўнасцю, адвагай і шчодрасцю”, - з удзячнасцю дадаў Святы Айцец, заклікаючы сваіх гасцей працягваць іх дзейнасць.
Францішак заахвоціў членаў Апостальскага брацтва міласэрнасці і супольнасці Малога дома міласэрнасці ўмацоўваць сваю духоўнасць, становячыся вучнямі Эўхарыстычнага Езуса і тымі, хто адкрывае людзям сапраўднае аблічча Бога. “Праз служэнне і прынясенне сябе ў дар, паказвайце пяшчоту аблічча Айца: дарагія браты і сёстры, сярод шматлікіх заняткаў, якім вы кожны дзень цалкам прысвячаеце сябе, ніколі не забывайцеся, што гэта галоўны сэнс вашай дзейнасці і ваша першае пакліканне”, - дадаў Пантыфік.
Папа заклікаў сваіх гасцей рабіць усё толькі з адным жаданнем: каб людзі, якіх сустракаюць, пазнавалі Хрыста. “Робячы дабро, імкніцеся знікнуць у пакоры, каб у тым, што чыніце праявіўся толькі Пан і ўсе прыйшлі да Яго”, - сказаў Францішак, нагадваючы словы святой Фаўстыны Кавальскай пра тое, што пакорныя душы ўплываюць на лёс усяго свету, бо пакора робіць блізкімі да Бога і братоў, здольнымі да далікатнай, непрыкметнай і маўклівай любові, якая чыніць высакародным дар, простым прыняцце і натуральным дзяленне.
“Таму заўсёды майце ў адносінах да людзей, якіх Пан даручае вам, стрыманасць і далікатнасць, а таксама стыль непрыкметнасці, як тыя бацькі, або сябры, або браты і сёстры, чыя прысутнасць, там, дзе ёсць патрэба, настолькі спантанная і “нармальная”, што яны застаюцца амаль незаўважанымі. У рэшце рэшт, Бог любіць нас такім чынам: з пакорнай велікадушнасцю, хвіліну за хвілінай, даючы нам усё, не чакаючы нічога ўзамен!”, - сказаў Папа.
Святы Айцец заахвоціў сваіх гасцей мець святую творчую няўрымслівасць і шмат пакоры, каб быць гатовымі і канкрэтнымі, адказваючы на патрэбы братоў, а ў той жа час, каб прывесці ўсіх да асабістай сустрэчы з міласэрным абліччам Айца.