Святы Айцец: Евангелле павінна быць уцелаўлёным у сучаснасці
Аляксандр Панчанка - Vatican News
29 лістапада 2023 года Францішак прыняў удзел у агульнай аўдыенцыі, якая адбылася ў ватыканскай Зале Паўла VI. У сувязі з запаленнем дыхальных шляхоў, ён абмежаваўся прывітаннем вернікаў, а прачытаць тэкст катэхезы папрасіў ксяндза Філіпа Чампанэлі з Дзяржсакратарыяту.
Працягваючы разважаць над тэмай евангелізацыйнага запалу і апостальскай руплівасці на падставе Апостальскай адгартацыі Evangelii gaudium, Францішак адзначыў, што Евангелле прызначана для сённяшняга дня, пазначанага пакутамі многіх людзей ад войнаў, кліматычных змен, глабальнай несправядлівасці, міграцыі, крызісу сям’і і надзеі.
Пантыфік падкрэсліў, што сучасная культура грунтуецца на індывідуалізме, ставіць на першае месца тэхналогіі, мае такое разуменне свабоды, якое адмаўляе ўсякія межы і раўнадушнае да самых слабых. У гэтым кантэксце ўсе чалавечыя памкненні падпарадкоўваюцца “ненажэрнай логіцы эканомікі”, якая адкідае тых, хто не вырабляе і каму цяжка глядзець у будучыню.
“Мы можам нават сказаць, што знаходзімся пасярод першай цывілізацыі ў гісторыі, якая на глабальным узроўні спрабуе арганізаваць чалавечае грамадства, пазбаўленае прысутнасці Бога, канцэнтруючыся ў вялізарных гарадах, якія застаюцца гарызантальнымі, нават маючы галавакружныя хмарачосы”, - канстатаваў Папа.
Святы Айцец прызнаўся, што гэта выклікае ў яго памяці гісторыю пра Вавілонскую вежу: грамадскі праект, які прадугледжваў ахвяраванне ўсякай індывідуальнасці на карысць “эфектыўнай калектыўнасці”. Чалавецтва размаўляла толькі на адной мове, што нагадвае пра аднастайнасць мыслення, і хацела дасягнуць неба, але Бог прадухіліў катастрофу, зблытаўшы карты і аднавіўшы адрозненні, - зазначыў Францішак, дадаючы, што “ўніфікаванае мысленне” і пошук усемагутнасці – гэта небяспечныя спакусы.
“Гэта гісторыя здаецца па-сапраўднаму актуальнай: таксама і сёння наша згуртаванасць, часта грунтуецца не на братэрстве і міры, а на амбіцыях, нацыяналізме, стандартызацыі, тэхнічна-эканамічных структурах, якія прывіваюць перакананне ў тым, што Бог неістотны і бескарысны”, - адзначыў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што менавіта да такога свету павінна быць скіравана евангелізацыя ў нашы дні. Неабходна без тугі па мінулым і закамянеласці дасягнуць з Евангеллем самых глыбокіх куткоў грамадства, каб яно асвяціла адносіны з Богам, людзьмі і навакольным асяроддзем
“Таму не трэба супрацьпастаўляць сённяшняму дню альтэрнатыўныя бачанні, якія паходзяць з мінулага. Таксама не дастаткова проста паўтараць набытыя рэлігійныя перакананні, якія, наколькі б праўдзівымі не былі, з цягам часу становяцца абстрактнымі. Праўда становіцца больш пераканаўчай, не тады, калі мы ўздымаем голас, каб казаць яе, але калі сведчым пра яе жыццём”, - нагадаў Святы Айцец.
“Апостальская руплівасць ніколі не з’яўляецца простым паўтарэннем набытага стылю, яна з’яўляецца сведчаннем таго, што Евангелле сёння з’яўляецца жывым для нас”, - падкрэсліў Папа, заклікаючы глядзець на сучасную эпоху і культуру як на дар, а не судзіць пра іх з адлегласці. Трэба “выходзіць на вуліцы, ісці ў месцы, дзе людзі жывуць, наведваць асяроддзі, дзе пакутуюць, дзе працуюць, дзе вучацца і разважаюць”, - адзначыў Святы Айцец. Пантыфік перакананы, што зыход са “скрыжаванняў сучаснага грамадства” азначаў бы “збядненне Евангелля і звядзенне Касцёла да секты”. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што замест жадання навярнуць свет, “трэба навярнуць душпастырства, каб яно лепш уцелаўляла Евангелле ў сучаснасці”.