Пантыфік: маліцца за людзей з абмежаванымі магчымасцямі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Самыя ўразлівыя людзі сярод нас – гэта людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Некаторыя з іх пакутуюць ад непрыняцця, заснаванага на няведанні і забабонах, якое ператвараецца ў маргіналізацыю”, - заўважыў Святы Айцец.
Пантыфік нагадаў, што “дзяржаўныя ўстановы павінны падтрымліваць іх задумы, даючы ім доступ да адукацыі, рынку працы і прасторы для творчасці”. “Патрэбны інклюзіўныя праграмы і ініцыятывы. А ў першую чаргу патрэбны людзі з вялікімі сэрцамі, якія будуць гатовы іх суправаджаць. Гаворка ідзе пра тое, каб крыху змяніць наш менталітэт і адкрыцца на ўклад і таленты людзей з адметнымі магчымасцямі як у грамадстве, так і ў жыцці Касцёла. У гэтым сэнсе пабудова сапраўды інклюзіўнай парафіі азначае не толькі ліквідацыю фізічных перашкод, але і разуменне таго, што мы павінны нарэшце перастаць казаць пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі “яны”, а пачаць успрымаць сябе разам, як “нас”, - сказаў Папа.
“Памолімся, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі заставаліся ў цэнтры грамадскай увагі і каб дзяржаўныя ўстановы спрыялі дзейнасці, якая дазваляе ім актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці”, - агучыў малітоўную інтэнцыю Францішак.