Пошук

Лагатып Uniservitate Лагатып Uniservitate 

Папа: неабходны інтэгральны падыход да адукацыі моладзі

Францішак даслаў прывітальнае пасланне удзельнікам IV Глабальнага сімпозіума Uniservitate, які праходзіць у Маніле 8-9 лістапада 2023 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У сімпозіуме прымаюць удзел рэктары, выкладчыкі і студэнты ўніверсітэтаў, якія маюць досвед ў галіне адукацыі праз служэнне.

У сваім звароце Папа выказаў спадзяванне на тое, што дыскусіі і разважанні на гэтую тэму дапамогуць моладзі лепш усвядоміць узаемасувязь трох моў: мовы розуму, мовы сэрца і мовы рук. “Педагогі пакліканы не проста інфармаваць, а выхоўваць тых, хто даручаны іх апецы, каб яны маглі навучыцца думаць тое, што адчуваюць і робяць, адчуваць тое, што думаюць і робяць, і рабіць тое, што адчуваюць і думаюць. Такі інтэгральны падыход да адукацыі патрабуе прымянення творчых міждысцыплінарных метадаў, каб дапамагчы маладым людзям стаць лідарамі і пратаганістамі пабудовы лепшай будучыні для ўсяго грамадства”, - гаворыцца ў пасланні Францішка.

Святы Айцец нагадаў удзельнікам сімпозіума пра важнасць духоўнага вымярэння ў адукацыі і выказаў упэўненасць у тым, што сімпозіум узмацніць імкненне удзельнікаў служыць агульнаму дабру, несці ісціну, прыгажосць і радасць Евангелля ўсім членам чалавечай сям'і, спрыяючы тым самым пашырэнню Божага Валадарства братэрскай салідарнасці, справядлівасці і міру.

09 лістапада 2023, 15:07