Пошук

Арцыбіскуп Чэлестына Мільёрэ на Парыжскім мірным форуме Арцыбіскуп Чэлестына Мільёрэ на Парыжскім мірным форуме  (ANSA)

Пантыфік: ніякая вайна не вартая слёз маці і гібелі людзей

Святы Айцец скіраваў пасланне з нагоды Парыжскага мірнага форума, які праходзіць 10-11 лістапада 2023 года пры ўдзеле Прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, а таксама лідараў іншых краін і міжнародных арганізацый.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“У той час як мы бездапаможна назіраем за памнажэннем узброеных канфліктаў з іх мноствам пакут, несправядлівасці і шкоды – часам незваротнай – нашаму агульнаму дому, Папа жадае, каб гэты форум стаў знакам надзеі”, - гаворыцца ў дакуменце за подпісам кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна. Яго зачытаў перад удзельнікамі канферэнцыі Апостальскі нунцый у Францыі, арцыбіскуп Чэлестына Мільёрэ.

Пантыфік спадзяецца, што абавязацельствы, узятыя падчас сустрэчы, будуць спрыяць шчыраму дыялогу, заснаваным на слуханні воклічу людзей, якія пакутуюць ад тэрарызму, паўсюднага гвалту і войнаў, што вядуцца за вузкія інтарэсы, схаваныя за высокімі намерамі.

У пасланні нагадваецца, што будаванне міру – гэта павольны працэс, які патрабуе цярплівай працы, мужнасці і канкрэтных учынкаў з боку ўсіх людзей добрай волі. Ён ствараецца праз прызнанне і павагу годнасці чалавека і ўсіх яго асноўных правоў, сярод якіх Святы Пасад асабліва прызнае права на мір – умову для ажыццяўлення ўсіх іншых правоў чалавека.

Францішак згадаў пра 75-годдзе Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, а таксама пра вялікую колькасць людзей, дагэтуль пазбаўленых фундаментальных правоў, такіх як права на жыццё, на фізічную і псіхічную недатыкальнасць. Ён нагадаў, што з-за ўзброеных канфліктаў многія людзі пазбаўлены права на пітную ваду і здаровае харчаванне, належнае жыццё, якасную адукацыю і годную працу. “Колькі дзяцей вымушаны прамым ці ўскосным чынам удзельнічаць у баявых дзеяннях і насіць фізічныя, псіхалагічныя і духоўныя шрамы ўсё жыццё?”, - прапанаваў задумацца Пантыфік.

“Прызнаючы неад’емнае права на самаабарону, а таксама адказнасць за абарону тых, чыё жыццё аказваецца пад пагрозай, мы павінны прызнаць, што вайна – гэта заўсёды “параза чалавецтва”. Ніводная вайна не вартая слёз маці, якая бачыць сваё дзіця пакалечаным ці забітым; ніводная вайна не вартая страты жыцця нават аднаго чалавека – святой істоты, створанай на вобраз і падабенства Стварыцеля; ніякая вайна не вартая атручвання нашага супольнага дому; ніякая вайна не вартая адчаю тых, хто вымушаны пакінуць сваю радзіму і пазбаўляецца дому і ўсіх сямейных, сяброўскіх, сацыяльных і культурных сувязяў, якія будаваліся часам на працягу пакаленняў”, - сцвердзіў Папа.

Францішак нагадаў, што мір будуецца не зброяй, а праз цярплівае слуханне, дыялог і супрацоўніцтва, якія застаюцца адзінымі спосабамі для вырашэння спрэчак, вартымі чалавека. Ён заклікаў спыніць грукат зброі, пераасэнсаваць вытворчасць і гандль гэтымі прыладамі смерці і знішчэння і стаць на шлях паступовага і цэласнага раззбраення.
 

10 лістапада 2023, 11:31