Пошук

Пантыфік у Сусветны дзень бедных: станем дарам для іншых людзей

Стаць дарам для іншых людзей у грамадстве, абыякавым і заклапочаным сваімі справамі, - заклікаў Папа падчас святой Імшы з нагоды Сусветнага дня бедных, якая прайшла 19 лістапада 2023 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак падкрэсліў у гаміліі, што беднасць – гэта скандал, на які трэба адказаць, наследуючы пасланне Евангелля, што заклікае хрысціян дзяліцца хлебам і множыць любоў, не заставацца абыякавымі да розных форм беднасці і перамагаць эгаізм.

“Давайце падумаем пра шматлікія формы матэрыяльнай, культурнай і духоўнай беднасці нашага свету, пра існаванне ран, які напаўняюць нашы гарады, пра бедных, якія сталі нябачнымі і крык болю якіх заглушаецца агульнай абыякавасцю грамадства, няўважлівага і заклапочанага сваімі справамі. Давайце падумаем пра шматлікіх прыгнечаных, спрацаваных, адчужаных, пра ахвяр войнаў і пра тых, хто пакідае сваю зямлю, рызыкуючы жыццём, пра тых, хто не мае хлеба, працы і надзеі”, - заахвоціў Папа.

Святы Айцец спаслаўся на евангельскую прыпавесць пра таланты, нагадваючы, што яна расказвае пра чалавека, які, ад’язджаючы, паклікаў слуг сваіх і даручыў ім маёмасць сваю. Таксама і Хрыстус, перш чым вярнуцца да Айца, даручыў людзям дары Святога Духа, каб маглі працягваць “Яго справу ў свеце”, спаўняючы ўласную місію ў штодзённым жыцці, грамадстве і Касцёле. Езус не захоўваў для сябе багацце, атрыманае ад Айца, але пражыў ім дзеля дабра людзей, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што цяпер мы жывём у чаканні другога прыйсця Хрыста, які вернецца ў хвале, каб “разлічыць” гісторыю і ўвесці нас у радасць вечнага жыцця. Таму мы павінны задумацца: якім шляхам праходзім – шляхам Езуса, які стаў дарам, ці шляхам эгаізму? “Мы можам памножыць тое, што атрымалі, робячы з жыцця дар любові для іншых, а можам правесці жыццё, закрыўшыся ў фальшывымі ўяўленні пра Бога і з-за страху хаваць у зямлі атрыманы скарб, думаючы толькі пра сябе, не турбуючыся ні пра што, акрамя нашых зручных інтарэсаў, не прыкладаючы высілкаў”, - сказаў Святы Айцец.

На думку Папы, прыпавесць пра таланты, “з’яўляецца папярэджаннем, каб мы праверылі, з якім духам падыходзім да жыццёвага падарожжа”. Людзі, якія “атрымалі дар Яго любові”, пакліканы “стаць дарам для іншых” і дзяліцца дабротамі, атрыманымі ад Яго: Яго любоўю, міласэрнасцю, спачуваннем, радасцю і надзеяй, каб кожны, “згодна з атрыманым дарам і даручанай яму місіяй”, імкнуўся “прыносіць плён” любові і быць блізкім да бедных, - зазначыў Пантыфік.

19 лістапада 2023, 11:09