Пошук

Святы Францішак Асізскі Святы Францішак Асізскі 

Папа: святы Францішак Асізскі заахвочвае жыць Евангеллем

Не бойцеся ісці па свеце ў “братэрстве” і “маласці”, дзеліцца благаславеннем беднасці і паказваючы, што Евангелле – па-сапраўднаму добрая навіна для чалавека, - заклікаў Папа “францішканскую сям’ю”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік скіраваў пасланне да членаў манаскіх і свецкіх супольнасцей, якія натхняюцца духоўнасцю і жыццёвым прыкладам святога Францішка Асізскага. Нагодай паслужыла 800-годдзе зацвярджэння Ганорыем ІІІ рэгулы Ордэна Меншых Братоў. Гэта гістарычная падзея адбылася 29 лістапада 1223 года ў базіліцы святога Яна на Латэране ў Рыме.

Пантыфік заклікаў духоўных сыноў і дочак святога Францішка выкарыстаць юбілей, каб “распаліць у сабе той жа дух, які натхніў” Асізскага Бедняка адмовіцца ад усяго і даць пачатак “выключнай і прыцягальнай форме жыцця”, якая стала такой, дзякуючы ўкаранёнасці на Евангеллі, пражытым sine glossa. Ён пажадаў, каб юбілей стаў для кожнага часам духоўнага адраджэння і адноўленага адказу на заклік Касцёла “выйсці насустрач свету, дзе многія браты і сёстры чакаюць суцяшэння, любові і клопату”.

Папа заўважыў, што францішканская рэгула заклікае “захоўваць беднасць і пакору і святое Евангелле Нашага Пана Езуса Хрыста”. Ён нагадаў, што для Францішка Асізскага менавіта Евангелле было цэнтрам усяго існавання і так павінна быць для яго паслядоўнікаў, пакліканых зрабіць Евангелле “формай жыцця”, вучыцца ў Езуса Хрыста.

Пантыфік заахвоціў францішканаў наследаваць паслухмянасць Касцёлу і Папу, якую меў Асізскі Бядняк, а таксама настаяцелям сваіх супольнасцей, жывучы духам рэгулы ў слуханні і дыялогу, як раіць сінадальны шлях. “Настойліва падтрымлівайце Касцёл, аднаўляйце яго сваім прыкладам і сведчаннем, нават калі здаецца, што гэта будзе дорага каштаваць!”, - напісаў ён.

Францішак адзначыў важнасць выйсця насустрач свету з духам братэрства і міру, без сварак і дыспутаў, з лагоднасцю і велікадушнасцю пацвярджаючы сваю “маласць”, абвяшчаючы супакой Пана і давяраючы Божаму Провіду, што з’яўляецца асаблівай праграмай евангелізацыі, магчымай для ўсіх.

“У гэтым святле будзе цудоўна нанава адкрыць прыгажосць тыпова францішканскай евангелізацыі, што нараджаецца з братэрства, якое прасоўвае братэрства”, - падкрэсліў Папа, дадаючы, што “любоў, падараваная ў служэнні – гэта найвялікшая форма прапаведавання”.

“І таму кажу вам: не бойцеся ісці па свеце ў “братэрстве” і “маласці”, дзелячыся благаславеннем беднасці, становячыся красамоўным евангельскім знакам і паказваючы нашаму часу, на жаль, пазначанаму войнамі і канфліктамі, эгаізмам рознага роду і логікай эксплуатацыі навакольнага асяроддзя і бедных, што Евангелле – гэта па-сапраўднаму добрая навіна для чалавека, каб ён мог знайсці найлепшы кірунак для будавання новага чалавецтва разам з адвагай ісці да Езуса, які “хоць быў багаты, стаў бедным дзеля нас, каб мы ўзбагаціліся Ягоным убоствам”, - заўважыў Святы Айцец.
 

29 лістапада 2023, 16:45