Папа: у санктуарыях мы сустракаемся з міласэрнасцю Бога
Аляксандр Панчанка - Vatican News
17 лістапада 2023 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане вернікаў і духавенства з філіпінскай архідыяцэзіі Азаміс, якая сёлета адзначае сваё 50-годдзе. З нагоды юбілею архідыяцэзіяльная супольнасць здзяйсняе пілігрымку па марыйных санктуарыях Еўропы.
“У санктуарыях мы сустракаемся з пяшчотнай любоўю Айца, міласэрнага да ўсіх. І гэта міласэрнасць часта аб’яўляецца нам праз нашу святую Маці, Марыю, якая вучыць нас прымаць Бога ў жыццё, і, менавіта таму што з’яўляецца маці, умее заносіць нашы патрэбы да Езуса, як зрабіла для маладажонаў у Кане”, - сказаў Пантыфік.
Менавіта Марыя паказвае нам, што быць вучнямі Езуса значыць заўсёды слухаць Яго слова, разважаць яго ў сэрцы і несці іншым, як яна зрабіла, адведаўшы сваю пажылую сваячку Альжбету, - дадаў Папа. “Можам сказаць, што Панна Марыя была першай вучаніцай-місіянеркай. Я спадзяюся, што гэта пілігрымка дапаможа кожнаму з вас быць як Яна: вучнямі-місіянерамі, перамененымі ў выніку сустрэчы з Панам і абноўленымі ў запале, з якім сведчыце пра Яго прысутнасць, спагаду і любоў”, - дадаў Францішак.
Пантыфік пажадаў, каб юбілей дапамог кожнаму члену супольнасці філіпінскай архідыяцэзіі паглыбіць усведамленне паклікання да жыцця як верныя вучні Пана, атрыманага разам з сакрамэнтам хросту. “Такім чынам, падсілкаваны прапаведаваннем Божага слова і цэлебрацыяй сакрамэнтаў, Касцёл у Азамісе зможа паспрыяць распаўсюджванню Божага Валадарства, Валадарства справядлівасці, адзінства і міру”, - сказаў ён.
Святы Айцец заахвоціў мясцовыя парафіі і супольснасці “быць узорнымі ў практыкаванні ўчынкаў міласэрнасці і блізкасці да ўсіх, асабліва да сем’яў, моладзі, хворых, пажылых і бедных”, несучы ім любоў Езуса Хрыста. Францішак заўважыў, што гэта патрабуе таксама адказнасці за захаванне навакольнага асяроддзя, з усведамленнем таго, што клопат пра іншага чалавека і пра наш супольны дом блізка звязаны паміж сабой.
“У той час, калі вы глядзіце ў будучыню, я заахвочваю вас ісці разам у братэрскай салідарнасці, слухаючы адзін аднаго і асабліва слухаючы Святога Духа, які кіруе Касцёлам у распазнаванні новых і крэатыўных шляхоў абвяшчэння Евангелля”, - сказаў Папа філіпінскім вернікам і духавенству.