Папа заклікаў на ўсіх узроўнях цаніць грамадскую ролю бацькоў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
11 лістапада 2023 года ў Ватыкане Папа сустрэўся з удзельнікамі генеральнай асамблеі і канферэнцыі Еўрапейскай бацькоўскай асацыяцыі (European Parents' Association).
“Стаць бацькамі – адна з самых вялікіх радасцей у жыцці. Гэта выклікае ў пар новую энергію, імпульс і энтузіязм. Але мы адразу ж сутыкаемся з адукацыйнымі задачамі, да якіх часта аказваемся непадрыхтаванымі”, - заўважыў Святы Айцец. Тут ён нагадаў пра неабходнасць “клапаціцца пра дзяцей з любоўю і ў той жа час заахвочваць іх да сталення і самастойнасці; дапамагаць ім набыць здаровыя звычкі і добры лад жыцця, паважаючы іх індывідуальнасць і таленты, не навязваючы сваіх чаканняў; дапамагаць ім спакойна справіцца з навучаннем у школе”; “перадаць ім пазітыўнае выхаванне ў галіне афектыўнасці і сексуальнасці; абараняць іх ад такіх пагроз, як булінг, алкаголь, курэнне, парнаграфія, жорсткія відэагульні, азартныя гульні, наркотыкі”.
Манавіта таму, на думку Пантыфіка, важныя сеткі падтрымкі бацькоў: “абменьваючыся вопытам і навучаючыся, яны дапамагаюць бацькам быць лепш падрыхтаванымі і, перш за ўсё, не адчуваць сябе адзінокімі і не падаць духам”.
Ён звярнуў увагу на актуальную культурную атмасферу, дзе годнасць чалавечай асобы заўсёды пацвярджаецца, але часта не паважаецца і не рэалізуецца. Менавіта па гэтай прычыне “бацькам кожны дзень даводзіцца даказваць сваім дзецям дабрыню і разумнасць выбару і каштоўнасцяў, якія ўжо нельга ўспрымаць як належнае, напрыклад, саму каштоўнасць сужэнства і сям'і або прыняцце дзяцей як дару Божага”.
“Сутыкнуўшыся з гэтымі цяжкасцямі, якія могуць збянтэжыць дух, мы павінны падтрымліваць адно аднаго, каб распаліць у бацькоў запал да адукацыі. Выхоўваць – значыць ачалавечваць, значыць рабіць чалавека цалкам чалавекам. Сапраўды, культура змянілася, але патрэбы чалавечага сэрца захоўваюць нязменную сутнасць, якая рана ці позна праяўляецца і ў дзецях. З гэтага заўсёды трэба пачынаць. Сам Бог упісаў у нашу прыроду нястрымныя патрэбы любові, праўды, прыгажосці, адносін і самаахвяравання, адкрытасці на Ты іншага і адкрытасці на трансцэндэнтнага Ты”, - звярнуўся да прадстаўнікоў бацькоўскіх арганізацый Францішак.
Усё гэта, дадаў Папа, “прадугледжвае адкрыццё вялікай любові Бога да нас”, “высокае выхаваўчае заданне бацькоў: фарміраваць свабодных і велікадушных людзей, якія спазналі любоў Бога і шчодра даюць тое, што самі атрымалі ў дар”.
Для стварэння здаровага грамадства, перакананы Святы Айцец, “важна, каб на ўсіх узроўнях прызнавалася грамадская роля бацькоў”, бо “выхаванне дзіцяці з’яўляецца сапраўднай грамадскай працай”, прысвечанай “агульнай мэце” – “выхаванню адказнасці, пачуцця абавязку, каштоўнасці ахвярнасці дзеля агульнага дабра”.
На думку Францішак, адна з галоўных задач у цяперашнім кантэксце – “абараняць права бацькоў свабодна выхоўваць і навучаць сваіх дзяцей, не прымушаючы ні ў адной сферы, асабліва ў школьным сектары, прымаць адукацыйныя праграмы, якія супярэчаць іх перакананням і каштоўнасцям”.