Пошук

Папа Францішак. Архіўнае фота Папа Францішак. Архіўнае фота 

Пантыфік прыме ўдзел у кліматычнай канферэнцыі ААН у Дубаі

Францішак здзейсніць апостальскае падарожжа ў Дубай, каб прыняць удзел у кліматычнай канферэнцыі ААН.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Аб гэтым паведаміў кіраўнік Залы Друку Святога Пасада Матэа Бруні. “На запрашэнне Яго Высокасці шэйха Мухамеда бен Заіда аль-Нахаяна, Прэзідэнта Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Яго Святасць Папа Францішак здзейсніць падарожжа ў Дубай з 1 па 3 снежня 2023 года з нагоды маючай адбыцца Канферэнцыі дзяржаў-удзельніц Рамачнай канвенцыі ААН аб змене клімату (COP28)”, - гаворыцца ў паведамленні.

Папа ўпершыню прыме ўдзел у кліматычным саміце ААН.

Пра свой намер наведаць канферэнцыю па клімаце ў Дубаі Францішак казаў у нядаўнім інтэрв’ю італьянскаму тэлеканалу RaiUno. Ён распавёў пра тое, што энцыкліка Laudato si’ з’явілася напярэдадні кліматычнага саміту COP-21 ў Парыжы. Гэты саміт быў самым адметным, пасля Парыжа, па словах Папы, “усё вярнулася назад”. Змены на карысць экалогіі патрабуюць мужнасці, - падкрэсліў ён.

4 кастрычніка 2023 года выйшла апостальская адгартацыя Laudate Deum, якая дапаўняе энцыкліку Laudato si' і папярэджвае аб тым, што прынятых мер недастаткова і мы набліжаемся да пераломнага моманту ў змене клімату.

Францішак ужо наведваў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты ў лютым 2019 года. Ён быў першым Папам, які наведаў Аравійскі паўвостраў і цэлебраваў Імшу для каталіцкай супольнасці гэтай краіны, якая складаецца ў асноўным з імігрантаў. Падчас візіту Святы Айцец і Вялікі імам Аль-Азхар Ахмед эль-Таеб падпісалі дакумент аб агульначалавечым братэрстве. Дакумент паслужыў асновай для энцыклікі Fratelli tutti.

03 лістапада 2023, 13:16