Пошук

Папа Францішак. Архіўнае фота Папа Францішак. Архіўнае фота 

Пантыфік: самая сур’ёзная праблема – індустрыя ўзбраенняў

Вайна ў Святой Зямлі, планы наведаць канферэнцыю па клімаце ў Дубаі, вынікі Сінода, пасвячэнне жанчын і цэлібат – некаторыя тэмы інтэрв’ю з Папам, якое 1 лістапада 2023 года выйшла ў эфіры канала RaiUno італьянскага грамадскага тэлебачання.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Кожная вайна – гэта параза. Шляхам вайны не вырашаецца нічога. Нічога. Усё здабываецца шляхам міру і дыялогу”, - сказаў Пантыфік, каментуючы падзеі ў Святой Зямлі, дзе пасля нападу баевікоў ХАМАС на ізраільскія кібуцы, захоп заложнікаў і забойства людзей, наступіла рэакцыя Ізраіля. “На вайне адзін удар правакуе іншы”, - дадаў ён, падкрэсліваючы, што вырашэнне праблемы бачыць у існаванні дзвюх дзяржаў – ізраільскай і палестынскай – з добра акрэсленымі межамі і спецыяльным статусам для Іерусаліма.

Францішак згадаў, што пасля Другой сусветнай вайны чалавецтва перажывае “адну паразу за другой, бо войны так і не спыніліся”. “Але самай сур’ёзнай праблемай дагэтуль застаецца індустрыя ўзбраенняў. Мне казаў адзін чалавек, які разбіраецца ў інвестыцыях, з якім я пазнаёміўся на адной сустрэчы, што самыя прыбытковыя інвестыцыі сёння – гэта вытворчасць зброі”, - з жалем дадаў Святы Айцец.

Папа расказаў, што кожны дзень размаўляе па тэлефоне з душпастырамі, якія знаходзяцца ў сектары Газа. Ён згадаў, што ў мясцовай каталіцкай парафіі знайшлі прытулак 563 чалавека, сярод якіх ёсць некалькі мусульман, а таксама хворыя дзеці, аб якіх клапоцяцца сёстры з манаскай кангрэгацыі, заснаванай Маці Тэрэзы Калькуцкай.

Святы Айцец заўважыў, што эскалацыя вайны да сусветнага ўзроўню прывяла б да вялікіх страт і гібелі мноства людзей. Ён выказаў спадзяванне на тое, што “чалавечая мудрасць спыніць усё гэта”, падкрэсліваючы, што “свет знаходзіцца ў стане вайны, але за імі стаіць індустрыя ўзбраенняў”.

На пытанне пра ўкраінскую рэакцыю на мірныя ініцыятывы Апостальскай Сталіцы, Францішак адказаў, што “мы не можам судзіць сёння” народ Украіны. “Украінскі народ – народ мучанік, які пераследаваўся ў часы Сталіна, вельмі моцна. Гэта – народ мучанік. Я чытаў кнігу, якая выйшла на ўшанаванне памяці пра тыя падзеі, пра жахлівае мучаніцтва, яно было страшным, Сібір... Гэта народ, які шмат пакутаваў”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што сустракаўся з Уладзімірам Зяленскім і разумее ўкраінцаў. Ён лічыць, што важна шукаць шляхі да міру, спыніцца і імкнуцца да пагаднення.

Францішак нагадаў, што на другі дзень пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну ён пайшоў у Пасольства Расійскай Федэрацыі пры Святым Пасадзе, “дзе заявіў, што гатовы паехаць да Пуціна, калі гэта нечаму дапаможа”. Ён заўважыў, што праз расійскае пасольства адбываліся кантакты адносна вызвалення палонных, “але дыялог на тым і спыніўся”. Пантыфік сказаў, што атрымаў паведамленне ад Сяргея Лаўрова: “Дзякуй за тое, што хочаце прыехаць, але ў гэтым няма патрэбы”.

Папа назваў добрымі вынікі Сінода аб сінадальнасці, звяртаючы ўвагу на свабоду ў дыскусіях, якія вяліся падчас яго. “Я лічу, што мы дайшлі да сінадальнасці, якой прагнуў святы Павел VI пад канец Сабору, бо здаваў сабе справу з таго, што заходні Касцёл згубіў сінадальнае вымярэнне, якое мае ўсходняя Царква”, - зазначыў ён.

Гаворачы на тэму пасвячэння жанчын, Святы Айцец заўважыў, што для гэтага “існуе тэалагічная праблема, а не адміністрацыйная”. Адказваючы на пытанне пра цэлібат святароў, Пантыфік сказаў, што ён адносіцца да “пазітыўнага закону, а не натуральнага”. “Святары ў каталіцкіх Усходніх Цэрквах могуць жаніцца, а ў заходніх ёсць дысцыпліна, устаноўленая, здаецца, у ХІІ стагоддзі, якая дала пачатак цэлібату. Аднак гэта закон, які можа быць адменены, у гэтым няма праблемы. Але, я не думаю, што гэта дапаможа, бо праблема ў іншым. Гэта не дапаможа”, - перакананы Папа.

Францішак паведаміў, што 1-3 снежня 2023 года плануе паехаць на Канферэнцыю па клімаце СOP28 у Дубаі. Ён згадаў пра свой візіт на кліматычны саміт у Парыжы, перад якім апублікаваў энцыкліку Laudato si’, і падкрэсліў, што змены на карысць экалогіі патрабуюць адвагі.

Яшчэ адной тэмай інтэрв’ю была міграцыя. Папа падкрэсліў, што сам з’яўляецца “сынам мігрантаў”. Ён заўважыў, што толькі каля 6 мільёнаў аргенцінцаў, з 46 мільёнаў насельніцтва гэтай краіны, з’яўляюцца карэннымі жыхарамі, усе астатнія – нашчадкі мігрантаў.

Францішак звярнуў увагу на цяжкасці ў сувязі з міграцыяй з афрыканскага кантынента, якія перажываюць Кіпр, Грэцыя, Мальта, Італія і Іспанія, падкрэсліваючы, што “Еўропа павінна праявіць салідарнасць з гэтымі пяццю краінамі”. У гэтым кантэксце Пантыфік згадаў пра скарачэнне насельніцтва ў Еўропе і патрэбу ў працоўнай сіле, а таксама адзначыў, што міграцыйная палітыка павінна прадугледжваць прыняцце, суправаджэнне, падтрымку і інтэграцыю мігрантаў.

02 лістапада 2023, 10:57