Пошук

Папа падчас нядзельнай малітвы Анёл Панскі Папа падчас нядзельнай малітвы Анёл Панскі  (REUTERS)

Святы Айцец працягвае лячэнне, яго стан паляпшаецца

Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы паінфармаваў журналістаў пра стан здароўя Святога Айца, які на працягу некалькіх апошніх дзён адчуваў цяжкасці з дыханнем.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Пацвярджаю, што камп’ютарная тамаграфія выключыла наяўнасць пнеўманіі, але выявіла лёгачнае запаленне, якое прыводзіць да некаторых цяжкасцяў з дыханнем”, - паведаміў 27 лістапада 2023 года афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду, дадаючы, што для большай эфектыўнасці тэрапіі антыбіётык Папу ўводзіцца ўнутрывенна, для чаго яму быў устаноўлены катэтар.

Матэа Бруні адзначыў, што стан здароўя Святога Айца “добры і стабільны, у яго няма павышанай тэмпературы, а сітуацыя з дыханнем паляпшаецца”, аднак некаторыя запланаваныя мерапрыемствы з яго ўдзелам былі адкладзены, каб ён мог “прысвяціць ім пажаданы час і сілы”. Іншыя сустрэчы, якія маюць “інстытуцыйны характар і якія лягчэй правесці з улікам яго актуальнага стану здароўя”, адбудуцца.

25 лістапада ў Ватыкане былі адменены ранішнія аўдыенцыі Папы, а ў другой палове дня ён наведаў бальніцу, дзе прайшоў тамаграфію лёгкіх. Нядзельную малітву Анёл Панскі Францішак правёў не з акна Апостальскага палаца, а з капліцы Дома святой Марты, з якой звярнуўся да вернікаў праз відэатрансляцыю. Тэкст разважання над літургічных евангельскім урыўкам і заклікі адносна важных міжнародных і касцёльных падзей, замест Папы зачытаў супрацоўнік Дзяржсакратарыяту.
 

27 лістапада 2023, 11:24