Пошук

Фрагмент фрэскі Мікеланджэла ў Сікстынскай капэле Фрагмент фрэскі Мікеланджэла ў Сікстынскай капэле 

Святы Айцец: мастацтва будуе масты паміж культурамі і народамі

Мастацтва дапамагае ўсвядоміць нашу агульную чалавечнасць, - адзначыў Францішак, звяртаючыся да ўдзельнікаў ініцыятывы Мецэнаты ў Ватыканскіх музеях.

Марыя Валодзіна – Vatican News

9 лістапада 2023 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Клементыйскай зале Апостальскага палаца прадстаўнікоў амерыканскай ініцыятывы Patrons of the Arts in the Vatican Museums, якая цягам апошніх сарака гадоў спрыяе захаванню і рэстаўрацыі мастацкай і культурнай спадчыны Апостальскай Сталіцы.

Пантыфік сардэчна падзякаваў мецэнатам за падтрымку Ватыканскіх музеяў. Па яго словах, мастацтва дазваляе адкрываць нашы розумы і сэрцы для прыгажосці Божага тварэння, багацця і таямніцы чалавечага жыцця і паклікання. Захаванне гэтай каштоўнай спадчыны мінулага дазваляе новым пакаленням задумацца над глыбокай сувяззю мастацтва, гісторыі, культуры і веры.

Дзейнасць мецэнатаў Ватыканскіх музеяў спрыяе таму, каб мастацкія скарбы ватыканскіх калекцый, якія ўзбагачаюць наш свет, працягвалі "натхняць, узвышаць і раскрываць" найглыбейшыя надзеі і спадзяванні чалавечага сэрца, - адзначыў Францішак.

“Мастацтва, асабліва рэлігійнае, можа несці пасланне міласэрнасці, спагады і натхнення не толькі вернікам, але і тым, хто сумняваецца, адчувае сябе страчаным, няўпэўненым, самотным. Бо мастацтва заўсёды звяртаецца да душы чалавека. Яно дапамагае ўсвядоміць нашу агульную чалавечнасць, будаваць масты паміж культурамі і народамі, выклікае тое пачуццё салідарнасці, якое так неабходна ў нашым падзеленым і змучаным вайной свеце. Мастацтва адраджае чалавечы дух гэтак жа, як вада адраджае сухую і выпаленую сонцам пустыню”, - сказаў Святы Айцец.

Мецэнатамі рухае не толькі любоў да мастацтва, але і ўпэўненасць у тым, што кожнае пакаленне нясе калектыўную адказнасць за захаванне бясцэннай спадчыны, якая яму даверана, - лічыць Францішак. Гэта перакананне знайшло свой выраз у значных рэстаўрацыйных працах, праведзеных у Ватыканскіх музеях за апошнія чатыры дзесяцігоддзі, асабліва ў гады пандэмічнага каранціну.

Пантыфік заахвоціў апекуноў мастацтва працягваць іх годную справу і заклікаў Усемагутнага Бога – вечную крыніцу прыгажосці, ісціны і дабра – благаславіць мецэнатаў, іх сем'і і ўсіх тых, хто мае дачыненне да іх дзейнасці.

09 лістапада 2023, 11:03