Пантыфік лідарам Лацінскай Амерыкі: спрыяць сацыяльнай гармоніі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў сустрэчы пастыраў і свецкіх вернікаў з палітычнымі лідарамі так званых “баліварыянскіх краін”, да якіх сябе адносяць Балівія, Калумбія, Эквадор, Панама, Перу і Венесуэла. Форум праходзіў з 22 па 24 лістапада 2023 года ў Багаце.
Папа заахвоціў да захавання ў Лацінскай Амерыцы повязяў братэрства, якія характарызуюць мясцовую тоеснасць, што ўзнікла на падставе злучэння даіспанскай культуры і розных еўрапейскіх традыцый.
Пантыфік адзначыў незаменны ўклад Касцёла ў жыццё гэтых народаў, заклікаючы мясцовыя каталіцкія супольнасці спрыяць гуманізацыі і сацыяльнай згуртаванасці, памятаючы, што на першым месцы для хрысціян павінна быць радаснае абвяшчэнне Евангелля. Ён заклікаў да прымірэння і ўзаемнага прабачэння ў Лацінскай Амерыцы.
Францішак адзначыў, што для рэалізацыі палітыкі, заснаванай на братэрстве, лідары павінны браць прыклад з Езуса Хрыста, як у прыватным, так і ў грамадскім жыцці, Папа заклікаў палітыкаў наследаваць стыль Добрага Самараніна, пазбягаючы экстрэмізму, месіянства і агрэсіі, а таксама весці дыялог з павагай, вучыцца ў іншых, нават у праціўнікаў, каб зрабіць палітычнае жыццё спрыяннем сацыяльнай гармоніі, у якой усе змогуць прызнаць сябе братамі і сёстрамі.