Пошук

Святы Айцец: прасіць Бога аб дары спачування і сціпласці

Не стамляцца прасіць у Бога аб спагадлівым позірку і сціплым сэрцы заклікаў Францішак падчас Імшы за Бэнэдыкта XVI і памерлых кардыналаў і біскупаў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

3 лістапада 2023 года Святы Айцец узначаліў ў ватыканскай базіліцы Імшу за памерлага Бэнэдыкта XVI, а таксама кардыналаў і біскупаў, спачылых у гэтым годзе.

У сваёй гаміліі ён падзяліўся двума разважаннямі пад уплывам евангельскага ўрыўка пра ўваскрашэнне сына ўдавы з Наін (Лк 7, 11). Яго першая думка тычылася значэння спачування. Езус убачыў пахаванне адзінага сына ў маці, якая была ўдавой, і прасякнуўся спачуваннем. Як напісаў у сваёй першай энцыкліцы Бэнэдыкт XVI, план Езуса – быць "сэрцам, якое бачыць". (Deus caritas est, 31) Ён спыніўся перад болем гэтай “аўдавелай маці, якая страціла разам з адзіным сынам сэнс жыцця”. Яго сэрца спачувала яе пакутам. “Пан злітаваўся”, - гаворыцца ў Евангеллі. "Як важна перадаць гэты погляд спагады тым, хто адчувае боль пасля смерці блізкіх!” – сказаў Папа.

Спачуванне Езуса канкрэтнае і нешматслоўнае. Ён сказаў маці: "Не плач!", працягнуў руку і “дакрануўся да насілак” (пар. Лк 7, 14). Дакранацца да труны памерлага чалавека было неабавязкова, больш за тое, у той час гэта лічылася нячыстым жэстам. Але Езус не звярнуў на гэта ўвагі, бо “Яго стыль – гэта блізкасць, спачуванне, пяшчота”, - адзначыў Францішак.

Так праяўляецца спачуванне Пана, Які ажывіў сына, нічога не просячы за гэта ў маці, нават веры. “Чаму такі незвычайны і рэдкі цуд? Таму што гаворка ідзе аб сіраце і ўдаве, якіх Біблія, нараўне з чужаземцамі, называе самымі самотнымі і пакінутымі, не здольнымі спадзявацца ні на каго, акрамя Бога. Таму яны найбольш блізкія і дарагія Пану. Немагчыма быць блізкім і дарагім Богу, ігнаруючы гэтых людзей”, - сказаў Святы Айцец.

Другое разважанне Францішка тычылася сціпласці. Сірата і ўдава – сціплыя людзі, якія ўскладаюць усю надзею на Пана, а не на сябе, разлічваюць не на свае сілы, а на Таго, Хто клапоціцца пра іх. Пакорлівыя людзі абвяргаюць саманадзейнасць і спадзяюцца на Бога, а не на сябе і свае планы. А гэта і ёсць “той шлях, які вядзе на Неба”, асноўная хрысціянская жыццёвая пазіцыя: мець патрэбу ў Богу і ўскладаць на Яго ўсю надзею.

Бог любіць сціпласць, бо Ён сам сціплы. Сціплыя людзі найбольш падобныя да Яго. Таму Езус кажа: "Хто паніжае сябе, узвысіцца" (Лк 14, 11). “Сціплым работнікам у вінаградніку Пана” быў Бэнэдыкт XVI, - нагадаў Францішак, дадаючы, што “хрысціяне, асабліва Папа, кардыналы, біскупы, пакліканы быць сціплымі работнікамі”, адракацца ад сябе дзеля Касцёла.

Напрыканцы гаміліі Папа запрасіў вернікаў памаліцца аб вечным супакоі для Бэнэдыкта XVI, памерлых кардыналаў і біскупаў, чые “сэрцы былі пастырскімі, спагадлівымі, сціплымі, таму што сэнсам іх жыцця быў Пан”.

03 лістапада 2023, 12:24