Пошук

XIII Фестываль сацыяльнага вучэння Касцёла XIII Фестываль сацыяльнага вучэння Касцёла 

Святы Айцец: рабіць дабро, не чакаючы нічога ўзамен

Здзяйсняць ініцыятывы, накіраваныя на агульнае дабро, заклікаў Францішак удзельнікаў XIII Фестывалю сацыяльнага вучэння Касцёла.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У сваім пасланні з нагоды XIII Фестывалю сацыяльнага вучэння Касцёла, які праходзіць з 24 па 26 лістапада 2023 года ў італьянскай Вероне, Пантыфік сардэчна прывітаў арганізатараў і ўдзельнікаў, а таксама ўсіх тых, хто аказвае канкрэтную падтрымку гэтай ініцыятыве. Спасылаючыся на справаздачу першай сесіі XVI Сінода Біскупаў па сінадальнасці, Папа нагадаў пра важную ролю свецкіх вернікаў у жыцці Касцёла. Часцей за ўсё менавіта свецкія абвяшчаюць Евангелле ў лічбавым асяроддзі, якое набыло вялікае значэнне ва ўсім свеце, сярод моладзі, на працоўных месцах, у эканоміцы і палітыцы, у мастацтве і культуры, у навуцы, адукацыі, ахове навакольнага асяроддзя і грамадскай дзейнасці.

На думку Святога Айца, сёлетняя тэма сустрэчы – #сацыяльн@ свабодныя (#soci@lmente liberi) – нагадвае пра вельмі актуальныя пытанні лічбавай культуры і свабоды ў сацыяльных медыя. “Нам патрэбная сетка, якая б не заваблівала ў пастку, а вызваляла б чалавека, ахоўвала б еднасць свабодных людзей”, - напісаў Францішак, дадаючы, што Касцёл таксама з’яўляецца сеткай людзей, аб’яднаных Эўхарыстыяй, заснаванай не на Мне падабаецца (Like), а на ісціне, на Амэн, на прыналежнасці да Цела Хрыстова і прыняцці іншых людзей. Папа папярэдзіў ад распаўсюджвання нянавісці і скажэння рэальнасці ў сетцы і нагадаў, што толькі праз дар сябе іншаму магчыма дасягнуць паўнаты адносін.

Спасылаючыся на евангельскі ўрывак аб размнажэнні хлеба (Мк 6, 34-44), Пантыфік адзначыў, што пашана мноства людзей да вучэння Езуса вынікае з Яго асабістай зацікаўленасці ў іх, з спагады і разумення іх пачуццяў і праблем. Езус адчувае любоў да тых, хто Яго слухае, хай нават і няўважліва. Яго цікавіць чалавек у яго цэласнасці. Каб дасягнуць кожнага з тых, хто сабраўся паслухаць Яго вучэнне, Ён дзейнічае не ў адзіночку, а з дапамогай вучняў. “Вы дайце ім есці”, - кажа апосталам Езус (Мк 6, 37), каб яны таксама зразумелі логіку асабістай зацікаўленасці, прынясення сябе ў дар іншаму. У гэтым, на думку Францішка, заключаецца свабода паслядоўнікаў Езуса: у актыўнай зацікаўленасці ў росце і развіцці іншага чалавека.

Напрыканцы паслання Святы Айцец заахвоціў удзельнікаў фестывалю здзяйсняць учынкі і ініцыятывы, накіраваныя на агульнае дабро. “Мы атрымалі жыццё задарма, нічога за яго не заплацілі. Значыць, мы ўсе можам даваць, не чакаючы нічога ўзамен, рабіць дабро, не патрабуючы, каб асоба, якой мы дапамагаем, адказала тым жа”, (Fratelli tutti, 140) - заклікаў Францішак.

24 лістапада 2023, 11:05