Пошук

Святы Айцец сустрэўся з мігрантамі

Увечары 17 лістапада 2023 года ў ватыканскім Доме святой Марты адбылася сустрэча Папы з мігрантамі, падчас якой ён пачуў балючыя сведчанні людзей, якія пакінулі свае краіны ў пошуках лепшага жыцця.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У прыватнасці Францішак сустрэўся з 30-гадовым камерунскім мігрантам Мбенге Н’імбілам Крэпэнам, вядомым як Пато, які ў ліпені 2023 года страціў жонку і шасцігадовую дачку, пасля таго як, спрабуючы трапіць у Еўропу праз Туніс, быў затрыманы разам з сям’ёй праваахоўнымі органамі гэтай краіны і вывезены пустыню, дзе іх пакінулі без ежы і вады.

Падчас візіту ў Ватыкан Пато суправаджалі некаторыя іншыя мігранты, супрацоўнікі асацыяцый і ўстаноў, якія дапамагалі яму прыбыць у Італію, а таксама ксёндз Маціа Ферары, італьянскі святар, які ў якасці капелана ўдзельнічаў у выратавальных місіях Mediterranea Saving Humans, і кардынал Майкл Чэрны, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Францішак пачуў балючыя аповеды пра пакуты, праз якія праходзяць тысячы людзей, спрабуючы дабрацца да Еўропы, а таксама словы ўдзячнасці за сустрэчу і ўвагу да праблем мігрантаў, пра якія ён няспынна нагадвае. Выслухаўшы гісторыю Пато, Святы Айцец звярнуўся да яго, думаючы пра яго жонку і дачку: “Я вельмі за іх маліўся”, - запэўніў Папа.

Пантыфік падзякаваў прысутным на сустрэчы прадстаўнікам асацыяцый і ўстаноў за іх дзейнасць на карысць мігрантаў, а таксама падкрэсліў, што магчымасць нарадзіцца ў месцах, дзе можна вучыцца і працаваць – гэта прывілей, а “прывілей – гэта доўг”. “Таму, тое, што вы робіце не з’яўляецца нечым надзвычайным, гэта абавязак”, - сцвердзіў Святы Айцец.
 

18 лістапада 2023, 09:38