Пошук

Вернікі на плошчы святога Пятра падчас малітвы Анёл Панскі Вернікі на плошчы святога Пятра падчас малітвы Анёл Панскі  (AFP or licensors)

Святы Айцец: войны губяць будучыню дзяцей

Зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць пашырэння канфлікту ў Святой Зямлі, заклікаў Пантыфік 5 лістапада 2023 года пасля малітвы Анёл Панскі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Падчас штотыднёвай сустрэчы з вернікамі на плошчы святога Пятра ў Ватыкане Францішак нагадаў пра цяжкую сітуацыю, якая склалася на Блізкім Усходзе.

“Дарагія браты і сёстры! Я працягваю думаць пра сур'ёзную сітуацыю ў Палесціне і Ізраілі, дзе загінула шмат людзей. Прашу вас у імя Бога: спыніце агонь! Спадзяюся, што будуць выкарыстаныя ўсе магчымасці, каб любой цаной пазбегнуць пашырэння канфлікту, каб дапамагчы параненым і даставіць дапамогу жыхарам Газы, дзе склалася вельмі сур'ёзная гуманітарная сітуацыя”, - сказаў Папа.

“Закладнікі павінны быць неадкладна вызваленыя. Сярод іх шмат дзяцей, хай яны вернуцца ў свае сем'і! Так, давайце падумаем пра дзяцей, пра ўсіх дзяцей, уцягнутых у гэтую вайну, а таксама ў вайну ва Украіне і іншыя канфлікты. Гіне іх будучыня”, - сказаў Францішак, заклікаючы маліцца аб тым, каб хапіла сіл сказаць вайне хопіць.

Святы Айцец выказаў сваю блізкасць насельніцтву Непала, якое пакутуе ад землятрусу, а таксама афганскім бежанцам, якія “знайшлі прытулак у Пакістане, але цяпер ім няма куды дзявацца”. “Я таксама малюся за ахвяр ураганаў і паводак у Італіі і іншых краінах”, - дадаў Папа.

05 лістапада 2023, 13:21