Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Святы Айцец: вярнуцца на шлях народнай тэалогіі

Папа напісаў прадмову да кнігі "Пераасэнсаваць мысленне" (Ripensare il pensiero), у якой папярэдзіў аб рацыяналізацыі тэалогіі. Аўтар кнігі – старшыня Папскай тэалагічнай акадэміі, біскуп Антоніа Стальяно.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пантыфік падкрэсліў, што акадэмічныя тэалагічныя даследаванні часта звязаны з выкарыстаннем інтэлекту. Аднак таямніца жыцця большая за розум, а наша сэрца – бездань. Існуе бясконцая колькасць рэчаў, якія пераўзыходзяць розум. Яшчэ ў большай ступені гэта тычыцца таямніцы Бога. Розум і разважанні могуць весці да пазнання толькі тады, калі нараджаюцца з малітвы і сузірання Яго таямніцы, “глыбіня багацця і пазнання якога неспасцігальныя”. (пар. Рым 11, 33)

Задача тэалогіі не павінна абмяжоўвацца ўпарадкаваннем ідэй і канцэпцый, - лічыць Францішак, папярэджваючы ад прывіду асветніцкага рацыяналізму, які зводзіць веру да тэорыі, адарванай ад канкрэтнай рэальнасці, ад гісторыі народа, ад жыцця і пакут бедных. Паддаўшыся спакусе рацыяналізаваць веру, тэалагічная рэфлексія стала сухой, бесцялеснай і бессардэчнай навукай, няздольнай перадаць трапятанне ад сустрэчы з Богам.

“Неабходна вярнуцца на шлях уцелаўлёнай тэалогіі, якая не нараджаецца з абстрактных ідэй, створаных за пісьмовым сталом, а выцякае з пакут канкрэтнай гісторыі, з жыцця народаў, культурных сімвалаў, схаваных пытанняў і змучанай плоці бедных”, - лічыць Францішак. Нам патрэбна тэалогія, якая не страціла здольнасць здзіўляцца бязмернай Божай любові, не страціла энтузіязм евангелізацыі і служэння святому народу Божаму, заўважыў Папа.

У эпоху перамен нам патрэбныя новыя шляхі і новыя парадыгмы. Хрысціянская думка з яе духоўным багаццем “павінна быць пераасэнсаваная ў святле новых чалавечых, навуковых і культурных набыткаў”, “абноўлена новымі мовамі і катэгорыямі, здольнымі звяртацца да сэрца кожнага, набліжаць далёкіх, вітаць тых, хто думае інакш, суцяшаць тых, хто пакутуе”, - лічыць Святы Айцец.

Папа працытаваў благаслаўлёнага Антоніа Расміні, які сцвярджаў, што ў нейкі момант гісторыі хрысціянскае вучэнне набыло вузкі характар рацыянальнай тэалогіі, “цалкам адмовіўшыся ад усяго, што было звязана з сэрцам і іншымі чалавечымі здольнасцямі, клапоцячыся пра тое, каб задаволіць толькі розум”. Гэта вылучыла тэолагаў у асобны клас людзей. “Гэта вельмі актуальнае папярэджанне”, тэалогія не павінна быць вузкай, аддзяляцца ад свету, - лічыць Францішак.

Пантыфік падкрэсліў, што кніга "Пераасэнсаваць мысленне" нагадвае пра каштоўнасць народнай тэалогіі: не толькі акадэмічных ведаў, але і пытанняў сэрца, не толькі інтэлекту, але і фантазіі. Але перш за ўсё, яна нагадвае пра каштоўнасць тэалогіі, якая ў няўпэўненых кроках чалавека шукае і распазнае рытм Божай любові, яркія вочы Езуса і шляхі пабудовы братэрскага свету, адкрытыя Святым Духам, - напісаў Папа, запрашаючы рухацца далей па гэтым шляху тэалогіі “са смакам плоці і народа”.

04 лістапада 2023, 11:14