Тэлефонная размова Папы з абраным прэзідэнтам Аргенціны
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Мілей, які з’яўляецца лідарам кааліцыі La libertad avanza, быў абраны кіраўніком паўднёваамерыканскай краіны ў мінулую нядзелю, 19 лістапада, набраўшы 56 працэнтаў галасоў і абышоўшы прагрэсіўнага кандыдата і міністра эканомікі Серхіа Масу.
Мілей падчас сваёй прэзідэнцкай кампаніі неаднаразова крытыкаваў Папу, які паходзіць з Аргенціны, за тое, што ён не асудзіў выразна жорсткія левыя дыктатуры ў Лацінскай Амерыцы і за тое, што ён прыхільнік сацыялізму. Адзін з дарадцаў Мілея нават прапанаваў разарваць дыпламатычныя адносіны са Святым Пасадам. Аднак за тыдзень да другога тура прэзідэнцкіх выбараў палітык змяніў сваю крытычную пазіцыю ў адносінах да Францішка. “Калі б ён прыехаў у Аргенціну, мы б прынялі яго з усімі ўшанаваннямі як кіраўніка дзяржавы, але таксама з усімі ўшанаваннямі як кіраўніка Каталіцкага Касцёла”, - сказаў ён у інтэрв'ю перуанскаму журналісту Хайме Бэйлі.