Пошук

Імша ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Гвадэлупскай Імша ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Гвадэлупскай  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

У снежні Папа прыме ўдзел у набажэнствах у гонар Багародзіцы

16 лістапада 2023 года ў Ватыкане была абнародавана афіцыйная праграма набажэнстваў з удзелам Пантыфіка ў першай палове снежня.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Пантыфік здзейсніць традыцыйны візіт на рымскую Іспанскую плошчу, дзе ўскладзе кветкі да скульптуры Маці Божай.

Звычай штогадовага ахвяравання кветак і малітвы ля фігуры Беззаганнай на Іспанскай плошчы ў Рыме ўвёў у 1953 годзе папа Пій ХІІ. 12-мятровая калона на гэтым месцы была ўстаноўлена ў 1857 годзе ў гонар прыняцця дагмату аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі.

12 снежня, ва ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай, ён прыме ўдзел у Эўхарыстыі ў інтэнцыі краін Лацінскай Амерыкі. У ватыканскай базіліцы збяруцца кардыналы, біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі гэтай часткі свету. Яе будуць цэлебраваць на іспанскай мове.

Упершыню ўрачыстая Імша ва ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай прайшла ў Ватыкане ў 2011 годзе. Яе ўзначаліў Бэнэдыкт XVI з нагоды 200-годдзя незалежнасці краін Лацінскай Амерыкі. Францішак бярэ ўдзел у літургіі кожны год з моманту свайго абрання.

Маці Божая Гвадэлупская з’яўляецца апякункай усяго “лацінаамерыканскага свету”. Яе цудатворны абраз захоўваецца ў аднайменным санктуарыі ў Мехіка. Штогадова храм наведваюць каля 14 мільёнаў пілігрымаў з розных частак свету. Францішак маліўся тут 13 лютага 2016 года, падчас свайго апостальскага падарожжа ў Мексіку.
 

16 лістапада 2023, 12:18