Анёл Панскі ў Адвэнце: пільнасць і трыманне сэрца напагатове

“У гэтыя тыдні давайце асабліва старанна падрыхтуем дом сэрца, каб зрабіць яго ўпарадкаваным і гасцінным”, - запрасіў Папа 3 снежня 2023 года ў сваім першым адвэнтавым разважанні перад малітвай Анёл Панскі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Другую нядзелю запар Францішак не з’явіўся ў акне Апостальскага палаца і правёў малітву Анёл Панскі з капліцы Дома святой Марты, дзе жыве. Трансляцыя вялася прама на плошчу Святога Пятра, дзякуючы чаму пілігрымы, бачачы Святога Айца на вялікіх экранах, маглі пачуць яго разважанні на пачатак Адвэнту і памаліцца разам з ім. Папа быў у лепшай форме і меў мацнейшы голас, але разважанні за яго чытаў святар з Дзяржсакратарыяту.

2 лістапада 2023 года ўвечары Зала Друку паінфармавала, што “здароўе Францішка паляпшаецца; у яго няма тэмпературы, працягваецца тэрапія”. Рашэнне не з'яўляцца ў акне Апостальскага палаца было прынята ў якасці меры засцярогі, “каб пазбегнуць рызыкі ўздзеяння тэмпературных перападаў”.

У разважанні на першую нядзелю Адвэнту Францішак нагадаў пра заклік Езуса да пільнасці. Тлумачачы яе хрысціянскі сэнс, ён звярнуў увагу на тое, што “гэта не стаўленне, матываванае страхам перад надыходзячым пакараннем”. Спасылаючыся на прыпавесць пра гаспадара, які вернецца, і яго слуг, якія яго чакаюць, Святы Айцец падкрэсліў, што “пільнасць слуг не вынікае са страху, але з тугі, чакання сустрэчы з гаспадаром, які прыходзіць. Яны гатовыя да яго вяртання, таму што любяць яго, таму што хочуць, каб да яго прыходу дом быў гасцінным і спарадкаваным: яны рады бачыць яго зноў, настолькі, што чакаюць яго вяртання як свята для ўсёй вялікай сям'і, да якой належаць”.

Францішак адзначыў, што з гэтым поўным любові чаканнем мы таксама хочам падрыхтавацца да прыняцця Езуса: ў Божае Нараджэнне, якое будзем святкаваць праз некалькі тыдняў; у канцы часоў, калі Ён вернецца ў славе; кожны дзень, калі Ён прыходзіць насустрач нам у Эўхарыстыі, у сваім Слове, у нашых братах і сёстрах, асабліва ў тых, што знаходзяцца ў найбольшай патрэбе.

“У гэтыя тыдні давайце асабліва старанна падрыхтуем дом сэрца, каб зрабіць яго ўпарадкаваным і гасцінным. Пільнасць азначае трыманне сэрца напагатове. Гэта стаўленне вартаўніка, які не дазваляе стомленасці адолець сябе ўначы, не засынае, але застаецца пільным, чакаючы святла, якое прыйдзе”, - растлумачыў Папа.

“Кажуць, што святы Марцін Турскі, чалавек малітвы, пасля таго, як аддаў палову свайго плашча беднаму чалавеку, убачыў у сне Езуса, апранутага ў тую самую частку плашча, якую ён аддаў. Гэта цудоўная праграма на Адвэнт: сустрэцца з Езусам, Які прыходзіць у кожным браце і сястры, што маюць патрэбу ў нас, і дзяліцца з імі тым, чым можам: слуханнем, часам, дапамогай”, - сказаў Францішак.

Папа заахвоціў вернікаў на парозе Адвэнту задаць сабе пытанне: як падрыхтаваць сваё сэрца да прыняцця Пана? І прапанаваў: “мы можам зрабіць гэта, набліжаючыся да Яго Прабачэння, Яго Слова, Яго Стала, знаходзячы месца для малітвы, прымаючы Яго ў тых, хто знаходзіцца ў патрэбе”.
 

03 снежня 2023, 12:43

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >