Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак нагадаў семінарыстам пра самае важнае ў святарстве

“Дзякуй за тое, што вы даяце радасць і надзею Касцёлу Францыі, які вас чакае і якому вы патрэбны”, - звярнуўся Францішак праз свайго Дзяржсакратара да семінарыстаў з усёй Францыі, якія праводзяць у гэтыя дні сустрэчу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пантыфік падкрэсліў, што “ў цэнтры святарскай ідэнтычнасці, прысвечанай Пану Езусу, ляжыць цэлібат. Ён носіць “ў першую чаргу, не тэалагічны, а містычны характар”. “Сёння мы шмат чуем пра святароў, асоба святара часта ў пэўных колах скажаецца, рэлятывізуецца, часам лічыцца падпарадкаванай. Не палохайцеся: ніхто не ў сілах змяніць прыроду святарства і ніколі не зменіць, хоць спосабы яго ажыццяўлення павінны абавязкова ўлічваць змены ў сучасным грамадстве і сур'ёзны крызіс пакліканняў, які мы перажываем”, - заўважыў ён.

У Францыі, паводле Францішка, касцёльныя інстытуты, а разам з ім і святары, больш не прызнаюцца. У вачах большасці яны страцілі ўсялякі прэстыж, увесь натуральны аўтарытэт і нават, на жаль, былі заплямлены. Менавіта таму, перакананы ён, сёння ў душпастырстве патрэбны “стыль блізкасці, спагады, пакоры, даравання, цярплівасці, лагоднасці, радыкальнага дарэння сябе іншым, прастаты і беднасці”.

“Каб жыць гэтай патрабавальнай, а часам і суровай святарскай дасканаласцю, супрацьстаяць выклікам і спакусам, якія сустракаюцца на вашым шляху, ёсць, дарагія семінарысты, толькі адно рашэнне: падтрымліваць моцныя, жывыя і сапраўдныя асабістыя адносіны з Езусам. Любіце Езуса больш за ўсё на свеце, няхай яго любові будзе дастаткова для вас, і вы выйдзеце пераможцамі з любога крызісу і любой цяжкасці. (...) Калі мне дастаткова Хрыста, я не маю патрэбы ні ў бязладных пачуццях, ні ў вядомасці, ні ў вялікай адказнасці, ні ў кар'еры, ні ў тым, каб ззяць у вачах свету, ні ў тым, каб быць лепшым за іншых; калі мне дастаткова Езуса, я не маю патрэбы ні ў вялікіх матэрыяльных дабротах, ні ў спакушэннях свету, ні ў бяспецы сваёй будучыні”, - гаворыцца ў пасланні, падпісаным ад імя Святога Айца кардыналам П’етра Паралінам.
 

01 снежня 2023, 11:09