Пошук

Папа Францішак Папа Францішак  (Vatican Media)

Францішак у парафіі, якая клапоціцца пра маці-адзіночак

21 снежня 2023 года Папа наведаў парафію Сан-Джорджа-ін-Ачылія. Гэта чарговы за апошні час візіт Францішка да католікаў, якія жывуць у прыгарадах Рыма.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Тут у Душпастырскім цэнтры імя святой Джаны Берэты Молы дапамагаюць дзясяткам маці-адзіночак. Цэнтр быў пабудаваны дзякуючы намаганням яе сястры Вірджыніі Молы.

Францішак дзве гадзіны размаўляў са святарамі з перыферый Рыма на душпастырскія тэмы. Гаворка ішла пра гасціннасць, блізкасць да людзей, сінадальны працэс, які з’яўляецца шляхам Касцёла ў будучыню. Сваім вопытам дзяліліся і святары.

“Мы адчувалі сябе дзецьмі, якія знаходзяцца побач са сваім бацькам, а ён іх падбадзёрвае. Было месца і для пытанняў, і мы засталіся вельмі задаволенымі”, - сказаў дапаможны біскуп Рымскай дыяцэзіі Дарыё Гервазі. Ён дадаў, што гэта была “выдатная і кранальная сустрэча”, якая прайшла ў “вельмі сардэчнай і сяброўскай атмасферы”.

Пасля размовы са святарамі Францішак прывітаў валанцёраў дабрачыннага Душпастырскага цэнтра. “Кожную раніцу мы пачынаем з раздачы хлеба надзённага”, - прызнаўся пробашч парафіі, ксёндз Антоніа Рамэа Ветарата. “Вечарам група валанцёраў абыходзіць мясцовыя пякарні, і там аддаюць нам непрададзены хлеб і піцу, наступнай раніцай мы раздаём сабранае тым, хто мае патрэбу”, - патлумачыў святар.

Акрамя таго, існуе Мацярынскі праект, які дапамагае маці і дзецям ад зачацця да трох гадоў. У цяперашні час парафія клапоціцца прыкладна пра сто жанчын, якія знаходзяцца ў неспрыяльным эканамічным становішчы, амаль усе яны самотныя і амаль усе іншаземкі.

“Два разы на тыдзень яны могуць забраць прадукты, адзенне, прадметы першай неабходнасці, але мы таксама правяраем, ці не патрэбна ім дапамога ў наведванні спецыялістаў, таксама ў іншым”, - растлумачыў пробашч. Сёлета таксама была створана Мацярынская прастора, дзе валанцёры дапамагаюць розным жанчынам, якія наведваюць Цэнтр, узаемадзейнічаць і знаёміцца паміж сабой.

Акрамя таго, парафіяльны Caritas атрымлівае і размяркоўвае прадуктовыя пасылкі, якія атрымліваюць каля 300 сем'яў. Таксама ёсць Буцік адзення, праз які адбываецца збор рэчаў. “Мы іх мыем, упарадкоўваем і размяркоўваем паміж тымі, хто мае патрэбу, дзякуючы групе валанцёраў” - распавёў пробашч.

Гэта чарговы візіт Папы ў прыгарады Рыма, падчас якога ён сустракаецца са святарамі і людзьмі, якім яны служаць у сваіх парафіях. Сустрэчы, падчас якіх адбываецца дыялог аб праблемах, патрэбах і надзеях, з якімі святары сутыкаюцца ў сваім служэнні, былі перапынены праз пандэмію, але Францішак аднавіў іх.
 

22 снежня 2023, 11:33