Францішак узначаліць Імшу ў ноч Божага Нараджэння
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Эўхарыстыю будуць трансліраваць шматлікія тэлекампаніі па ўсім свеце. Тэлеканал Беларусь 1 пакажа яе ў запісе 25 снежня ў 00.05 па беларускім часе.
Літургія пачнецца са спеву Kalenda, якім абвяшчаецца Божае Нараджэнне, пасля з фігуры Дзіцятка Езуса, размешчанай у яслях, устаноўленых на сімвалічным троне ў цэнтры базілікі святога Пятра, будзе знята белая тканіна. Трон упрыгожаць кветкамі, якія прынясуць дзеці з Італіі, Мексікі, Кот-д’Івуара, Індыі і Карэі. Побач з фігурай будзе размешчана Евангелле, каб падкрэсліць значэнне вялікай падзеі ночы Божага Нараджэння – уцелаўленне Слова Божага. На заканчэнне эўхарыстычнай цэлебрацыі, Святы Айцец возьме на рукі фігуру Дзіцятка Езуса і аднясе яе ў суправаджэнні працэсіі ў яслі, размешчаныя ля ўваходу ў ватыканскую базіліку.
Для Францішка гэта будзе адзінаццатае Божае Нараджэнне, праведзенае ў Ватыкане.