Пошук

Аўдыенцыя для членаў Італьянскай нацыянальнай асацыяцыі святога Паўла Аўдыенцыя для членаў Італьянскай нацыянальнай асацыяцыі святога Паўла  (Vatican Media)

Францішак: ад выхавання моладзі залежыць будучыня грамадства

Ад добрага ці кепскага выхавання моладзі залежыць шчаслівая ці гаротная будучыня грамадства, - падкрэсліў Папа падчас сустрэчы з членамі Італьянскай нацыянальнай асацыяцыі святога Паўла.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

7 снежня 2023 года Францішак прыняў членаў гэтага аб’яднання на аўдыенцыі з нагоды 60-годдзя з дня яго заснавання. Асацыяцыя ўзнікла падчас Другога Ватыканскага Сабора, каб спрыяць інтэгральнаму выхаванню дзяцей і моладзі праз стварэнне сеткі каталіцкіх араторыяў і гурткоў, а таксама праз умацаванне супрацоўніцтва ў выхаваўчай сферы са свецкімі вернікамі.

“У час, калі свет ахоплены спіраллю насілля, пачуццямі злоўжыванняў і нянавісці, не пераставайце працаваць на карысць адукацыі, падтрымкі інстытута сям’і, пераказвання прыгажосці братэрства”, - заклікаў сваіх гасцей Папа.

Пантыфік пажадаў, каб ініцыятывы Асацыяцыі заўсёды спрыялі цэласнаму развіццю дзяцей і моладзі і ўлічвалі іх эмацыйнае, псіхалагічнае, духоўнае, інтэлектуальнае і фізічнае вымярэнні. Ён нагадаў пра актуальнасць слоў святога Яна Боска, які казаў, што выхоўваць трэба “добрых хрысціян і сумленных грамадзян”, бо ад добрага ці кепскага выхавання моладзі залежыць шчаслівая ці гаротная будучыня грамадства.

“Касцёльнае і грамадзянскае – гэта два бакі аднаго медаля; яны не могуць супрацьпастаўляцца, бо і першае і другое спрыяе дабру паасобных людзей і супольнасці”, - адзначыў Францішак заклікаючы да ўмацавання выхаваўчага саюза на карысць “фармацыі сталых асоб, здольных пераадольваць фрагментацыю і супрацьпаслаўленні і аднаўляць тканку адносін дзеля больш братэрскага чалавецтва”.

Папа заклікаў членаў Асацыяцыі святога Паўла падтрымліваць сем’і, дапамагаючы ім у выхаванні дзяцей праз сетку сваіх араторыяў і гурткоў, а таксама праз правядзенне летнікаў у перыяды канікул. “Трымайце адчыненымі дзверы, а ў першую чаргу абдымкі і сэрцы: гэта нялёгка, але мы ведаем, што іншы заўсёды з’яўляецца скарбам, які трэба бараніць і цаніць”, - дадаў Святы Айцец, выказваючы пажаданне, каб структуры аб’яднання былі месцамі бескарыслівасці і радасці.

“У бескарыслівых месцах людзі ўсміхаюцца, становяцца сведкамі радасці дзяцей Божых..., і ўтвараецца той добры гоман, які не азмрочвае, а вызваляе! Гоман дзяцей – гэта гоман іх мараў, іх энтузіязму, іх жадання быць пратаганістамі і змяняць свет, іх здольнасці ператвараць супярэчлівыя ноты гэтага часу ў музыку. Гэты гоман карысны для нас, ён абуджае нас ад здранцвення фальшывай упэўненасці і зручных звычак”, - падкрэсліў Папа.
 

07 снежня 2023, 11:45