Нобелеўскія лаўрэаты ўручылі Папу Дэкларацыю аб чалавечым братэрстве
Марыя Валодзіна - Vatican News
Напрыканцы агульнай аўдыенцыі, якая 6 снежня 2023 года прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Францішак прывітаў трох нобелеўскіх лаўрэатаў: Марыю Рэсу з Філіпінаў, якая ў 2021 годзе атрымала Нобелеўскую прэмію міру, італьянскага навукоўцу Джорджа Парызі, нобелеўскага лаўрэата па фізіцы за 2021 год, і Тавакуль Карман з Емена, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру за 2011 год. Дэлегацыю нобелеўскіх лаўрэатаў суправаджаў кардынал Маўра Гамбэці, архіпрэзбітэр базілікі святога Пятра і старшыня фонду Fratelli tutti.
Нобелеўскія лаўрэаты ўручылі Святому Айцу Дэкларацыю аб чалавечым братэрстве, падпісаную 10 чэрвеня 2023 года падчас Сусветнай сустрэчы #NotAlone. Дэкларацыю падпісала тады больш за 30 нобелеўскіх лаўрэатаў і прадстаўнікоў міжнародных арганізацый. Яе тэкст быў складзены раніцай 10 чэрвеня ў Палацы Канцылярыі ў Рыме і прачытаны на плошчы святога Пятра ў другой палове дня. Дэкларацыя заклікае да агульначалавечага братэрства і гатоўнасці будаваць мірнае грамадства. Ад імя Святога Пасада дэкларацыю падпісаў Дзяржсакратар Яго Святасці Папы кардынал П’етра Паралін.
"Мы заклікаем свет у імя братэрства: не вайне! Менавіта мір, справядлівасць, роўнасць вызначаюць лёс усяго чалавецтва. Кожны мужчына – мой брат, кожная жанчына – мая сястра, назаўсёды. Мы жадаем жыць разам, як браты і сёстры, у садзе, якім з'яўляецца Зямля. Гэты сад братэрства – умова жыцця для ўсіх. Мы сведкі таго, як ва ўсіх кутках свету зноў квітнее страчаная гармонія, калі паважаецца годнасць, асушаюцца слёзы, справядліва аплачваецца праца, гарантуецца адукацыя, ахоўваецца здароўе, цэніцца разнастайнасць, аднаўляецца прырода, шануецца справядлівасць, а супольнасці развейваюць адзіноту і страхі”, - гаворыцца ў дэкларацыі.
Плануецца, што пасля сімвалічнага жэста ўручэння Святому Айцу, Дэкларацыя аб чалавечым братэрстве будзе распаўсюджана па ўсяму свету.