Пошук

Пантыфік: абараніць Божае Нараджэнне ад спажывецкай мадэлі

Неабходна абараніць Божае Нараджэнне ад камерцыйнай і спажывецкай мадэлі, адзначыў Папа падчас сустрэчы з удзельнікамі ватыканскага Каляднага канцэрта ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Народныя спевы з’яўляюцца неад’емнай часткай культуры” і “з даўніх часоў чалавек перадаваў аповеды і малітвы ў спяванай форме”, - нагадаў Папа, заўважаючы, што “Божае Нараджэнне, магчыма, з’яўляецца самым багатым на традыцыйныя спевы святам”. Ён згадаў пра вядомую ва ўсім свеце італьянскую калядку Tu scendi dalle stelle – “шэдэўр тэалогіі і гармоніі”, напісаны святым біскупам Альфонсам Марыя дэ Лігуоры.

Пасланне пра нараджэнне Езуса з’яўляецца “старажытным і заўсёды новым” і можа перадавацца рознымі галасамі, у розных стылях, якія адносяцца да розных культур і моў. “Таксама і вы, у пэўным сэнсе, уключаецеся ў гэту традыцыю: вы пазычаеце вашы галасы вядомым калядным мелодыям; і кожны прыносіць сваю непаўторнасць, свой “тэмбр”, - адзначыў Пантыфік у звароце да спевакоў і музыкантаў.

Францішак падкрэсліў, што “Евангелле Божага Нараджэння – адзінае для ўсіх, але яго нельга апяваць аднолькава”. Аднак тэндэнцыя тэхнакратычнай мадэлі адваротная – уніфікаваць, стандартызаваць, а гэта не мастацтва, якое паходзіць з сэрца. “Мы ведаем, што, на жаль, таксама і Божае Нараджэнне стала ахвярай камерцыйнай і спажывецкай мадэлі. Няхай прынамсі калядныя спевы захаваюць тую паэзію і лёгкасць, якая напаўняе іх жыццём. Дапамажыце абараніць яго ад гэтага злоўжывання”, - заклікаў сваіх гасцей Папа.

“Дарагія сябры, я ведаю, што сёння вы будзеце спяваць, думаючы таксама пра людзей, якія перажываюць гэтыя дні з болем і страхам з прычыны вайны. Вельмі шмат войнаў! На жаль, нават у зямлі Езуса. Таксама за гэта я дзякую вам і благаслаўляю вас”, - дадаў Святы Айцец.

Калядны канцэрт адбудзецца ўвечары 16 снежня 2023 года ў канцэртнай зале Auditorium della Concilazione. Грошы, выручаныя ад продажу білетаў на яго, а таксама сабраныя падчас яго трансляцыі ў ноч Божага Нараджэння, будуць накіраваны на стварэнне цэнтра дапамогі дзяўчынам у Сьера-Леонэ, якія сталі ахвярамі сексуальнай эксплуатацыі.

16 снежня 2023, 11:56