Пантыфік правёў тэлефонную размову з Прэзідэнтам Украіны
Марыя Валодзіна - Vatican News
Тэлефонная размова Папы з Уладзімірам Зяленскім адбылася ўвечары 28 снежня 2023 года. Пра гэта Прэзідэнт Украіны паведаміў у сваім вячэрнім відэазвароце, апублікаваным на афіцыйным сайце.
"Толькі што гаварыў з Яго Святасцю Папам Францішкам. Падзякаваў за віншаванне з Божым Нараджэннем для Украіны і ўкраінцаў, за пажаданні міру, справядлівага міру для ўсіх нас. Мы абмеркавалі нашу сумесную працу над Формулай міру: звыш 80 дзяржаў ужо ўдзельнічаюць у ёй на ўзроўні сваіх прадстаўнікоў. Будзе больш. Я ўдзячны Ватыкану за падтрымку нашай працы", - сказаў Прэзідэнт Зяленскі.
13 мая 2023 года Францішак прыняў Прэзідэнта Украіны ў Ватыкане. Гэта была іх першая асабістая сустрэча пасля пачатку вайны. Да гэтага яны сустракаліся ў 2020 годзе.
За час вайны паміж Францішкам і Зяленскім адбылося некалькі тэлефонных размоў. Першая з іх прайшла 26 лютага 2022 года, праз два дні пасля пачатку канфлікту. Каментуючы гэтую размову ў Твітэры, Зяленскі адзначыў, што "Папа, выказаў глыбокі смутак у сувязі з трагічнымі падзеямі, якія адбываюцца ў краіне", і што "ўкраінскі народ адчувае духоўную падтрымку Папы".
Наступная тэлефонная размова адбылася 22 сакавіка 2022 года. Зяленскі паведаміў у Твітэры, што распавёў Папе "аб складанай гуманітарнай сітуацыі і аб заблакаваных расійскімі войскамі гуманітарных калідорах”, адзначыўшы, што "вітаў бы пасрэдніцкую ролю Святога Пасада ў спыненні чалавечых пакут”.
Яшчэ адна тэлефонная размова адбылася 12 жніўня 2022 года. Зноў жа ў Твітэры Прэзідэнт Украіны паведаміў, што распавёў Святому Айцу пра пакуты насельніцтва Украіны, падзякаваў за малітвы і выказаў надзею на яго візіт у Кіеў.