Пошук

Імша ў сіра-малабарскай царкве Імша ў сіра-малабарскай царкве 

Пантыфік да сіра-малабарцаў: не ператварайцеся ў секту

Пакласці канец барацьбе і не ператварацца ў секту заклікаў Францішак вернікаў сіра-малабарскай архіепархіі Эрнакулам-Ангамалі ў Індыі.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У відэазвароце Францішак заклікаў сіра-малабарскіх вернікаў прытрымлівацца ўніфікаванага парадку цэлебрацыі эўхарыстычнай літургіі, зацверджанага Сінодам Епіскапаў Сіра-Малабарскай Царквы.

Дыскусія вакол кірунку, у якім святар павінен цэлебраваць Імшу - звернутым да алтара альбо да супольнасці вернікаў - працягваецца ў гэтай старажытнай Усходняй Каталіцкай Царкве дзесяцігоддзямі. Папа аднак сцвердзіў, што за рознагалоссямі ў архіепархіі Эрнакулам-Ангамалі стаяць свецкія прычыны, якія "не маюць нічога агульнага з цэлебрацыяй Эўхарыстыі і Літургіяй".

У 2021 годзе Апостальская Сталіца падтрымала кампраміснае рашэнне Сінода Епіскапаў Сіра-Малабарскай Царквы, калі частка Імшы цэлебруецца святаром, звернутым да народа, а частка – да алтара. Гэтае рашэнне было прынята 34 епархіямі, аднак у архіепархіі Эрнакулам-Ангамалі многія святары і вернікі адмовіліся прыняць яго, настойваючы на сваёй літургічнай асаблівасці.

У мінулым Пантыфік ужо двойчы звяртаўся да Сіра-Малабарскай Царквы: у ліпені 2021 года і ў красавіку 2022 года, аднак лісты не мелі жаданага эфекту. "Я ўжо пісаў вам некалькі разоў у мінулым, але ведаю, што не ўсім былі прачытаныя мае лісты", - сказаў Францішак у відэазвароце, заклікаючы вернікаў не слухацца святароў, якія падштурхоўваюць да іншадумства.

“Калі ласка, будзьце асцярожныя! Вы – Царква, а не секта”, - адзначыў Пантыфік, перасцерагаючы ад санкцый, якія кампетэнтныя касцёльныя ўлады будуць вымушаныя прыняць у выпадку адмовы ад ўніфікаванага парадку цэлебрацыі Імшы.

Папа звярнуўся да вернікаў, духавенства і кансэкраваных асоб епархіі з заклікам аднавіць еднасць з Каталіцкім Касцёлам і пагадзіцца выконваць тое, што пастанавіў Сінод Епіскапаў Сіра-Малабарскай Царквы.

Відэазварот Папы да вернікаў сіра-малабарскай архіепархіі Эрнакулам-Ангамалі ў Індыі
07 снежня 2023, 13:55