Пошук

Папа Францішак падчас інтэрв’ю N+ Папа Францішак падчас інтэрв’ю N+ 

Папа даў вельмі асабістае інтэрв’ю мексіканскаму тэлебачанню

Я заўсёды веру ў палітыкаў, бо веру ў тое, што палітыка – гэта вышэйшая форма любові да народа, - прызнаўся Францішак у вельмі асабістым інтэрв’ю мексіканскаму тэлеканалу N+.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У самым пачатку гаворка зайшла пра мігрантаў. На думку Папы, тут варта прымяняць закон, “які з'яўляецца і чалавечым, і хрысціянскім – мігрантаў трэба вітаць, суправаджаць, заахвочваць і інтэграваць”. “Я сам сын мігрантаў, якія паехалі ў Аргенціну, каб стаць амерыканцамі. Мігрант павінен быць прыняты. Езус быў мігрантам”, - патлумачыў ён.

“Старасць робіць цябе больш сталым, а гэта прыемна”

Было пытанне і пра здароўе Пантыфіка. “Старасць не накладвае грым, яна сама па сабе, яна паўстае такой, якая ёсць. Трэба ўмець прымаць дары старасці. Трэба прызнаць, што можна зрабіць шмат добрага з іншага пункту гледжання. Гэта праўда, што ўсе падарожжы цяпер трэба пераглядаць. (...) Гэта абмежаванне, якое прымушае цябе зразумець, што ўсё завяршаецца і пачынаецца нешта іншае. Старасць робіць цябе больш сталым, а гэта прыемна”, - падзяліўся Святы Айцец. Ён прызнаўся, што пасля нядаўніх праблем са здароўем “адчувае сябе добра”.

Што тычыцца распаўсюджанай год таму інфармацыі аб напісаным Францішкам лісце на той выпадак, калі ён апынецца ў стане, які не дазволіць яму кіраваць Касцёлам, ён пацвердзіў гэта. Папа прызнаўся, што гэты тэкст быў уручаны кардыналу Тарчызіа Бертонэ, які ў 2013 годзе быў Дзяржсакратаром Яго Святасці.

“Я захапляюся Бэнэдыктам XVI”

Мужнасць Бэнэдыкта XVI, з якой ён заявіў аб сваім рашэнні сысці з Пасаду Пятра, служыць для Францішка сапраўдным прыкладам. “І я прашу Пана сказаць мне дастаткова, у нейкі момант, калі Ён гэтага захоча”, - сказаў ён у інтэрв’ю Валянціне Алазракі.

“Мае адносіны з Папам Бэнэдыктам былі вельмі блізкімі. Часам я прыходзіў да яго параіцца. І ён, з вялікай мудрасцю, выказваў мне сваё меркаванне, але (...) пакідаў усё ў маіх руках. Ён мне заўсёды дапамагаў. Ён быў вельмі шчодры ў гэтым. І мне пашчасціла развітацца з ім, таму што я даведаўся ад медсястры, што ён хворы, і (...) пайшоў да яго. Ён быў у свядомасці, але ўжо не мог гаварыць і трымаў мяне за руку, вось так. Гэта было прыемнае развітанне. (...) Праз тры дні ён памёр. Вялікі чалавек, Бэнэдыкт быў вялікім чалавекам, сціплым, простым чалавекам, у якога, калі ён усвядоміў свае абмежаванні, хапіла мужнасці сказаць хопіць. Я захапляюся гэтым чалавекам”, - падзяліўся Францішак.

Святы Айцец паведаміў, што разам з цырымоніймайстрам “значна спрасціў” абрады папскага пахавання. Ён таксама абвясціў, што хацеў бы быць пахаваным у базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ.

“Я заўсёды веру ў палітыкаў”

Адказваючы на пытанне аб запланаваных замежных падарожжах, Папа паведаміў аб ужо вызначанай і падрыхтаванай паездцы ў Бельгію. На парадку дня стаяць візіты ў Палінезію і яго родную Аргенціну – але па іх пытанне застаецца пакуль адкрытым. “Паглядзім, як усё складзецца”, - сказаў ён.

Пантыфік падзяліўся сваім поглядам на палітычную сітуацыю ў Аргенціне. “Падчас перадвыбарчай кампаніі шмат што гаворыцца жартам, я кажу гэта ў двукоссі, шмат што гаворыцца ўсур'ёз, але гэта часовыя рэчы, рэчы, якія выкарыстоўваюцца, каб стварыць крыху ўвагі, але якія потым адпадаюць самі сабой. Даводзіцца размяжоўваць тое, што палітык кажа падчас перадвыбарчай кампаніі, і тое, што ён сапраўды збіраецца рабіць потым, бо тады надыходзіць момант канкрэтыкі і рашэнняў”, - так ён пракаментаваў ранейшую крытыку ў свой адрас з боку новага прэзідэнта краіны.

Святы Айцец прызнаўся, што “заўсёды верыць у палітыкаў”, верыць у тое, што “палітыка з’яўляецца вышэйшай формай дабрачыннасці – любові да народа”.

“Што мы атрымліваем ад вайны? Разбурэнні, не больш за тое.”

У інтэрв’ю ўзнікла таксама тэма войнаў, якія зараз ідуць у свеце. Папа з жалем указаў на з’яву прывыкання да вайны ва Украіне, многія пачалі яе ўспрымаць “як штодзённую каву латэ”, “а там гінуць людзі, гінуць маладыя людзі”.

“Вайна – гэта заўсёды параза, заўсёды, і адзіныя, хто выйграе ў вайне, – гэта вытворцы зброі. (...) Я толькі што размаўляў з Газай, я тэлефаную ў мясцовую парафію кожны дзень. У іх там 600 чалавек. Святары і манахіні клапоцяцца пра ўсіх гэтых людзей і распавядаюць мне, што там адбываецца. Што мы атрымліваем ад вайны? Разбурэнні, не больш за тое. Магу з упэўненасцю сказаць, што з канца Другой сусветнай вайны і да сённяшняга дня ў свеце пастаянна ідзе нейкая вайна”, - так Францішак пракаментаваў сучасную сітуацыю ў свеце.
 

13 снежня 2023, 12:02