Пошук

Канферэнцыя Cop28 па змене клімату ў Дубаі Канферэнцыя Cop28 па змене клімату ў Дубаі  (ANSA)

Папа на COP 28: змена клімату – знак патрэбы палітычных змен

Францішак звярнуўся да ўдзельнікаў кліматычнага саміту COP28, які праходзіць у Дубаі. Яго пасланне зачытаў 2 снежня 2023 года Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці, кардынал П'етра Паралін.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа запэўніў, што, хоць не можа прысутнічаць асабіста, духоўна далучаецца да ўдзельнікаў канферэнцыі. Ён падкрэсліў, што “спусташэнне стварэння – гэта злачынства супраць Бога, не толькі асабісты, але і структурны грэх, які кладзецца на плечы людзей, асабліва самых слабых, сур'ёзная небяспека, якая пагражае ўсім і можа справакаваць канфлікт паміж пакаленнямі”. Пантыфік дадаў, што спусташэнне навакольнага асяроддзя таксама з'яўляецца глабальнай сацыяльнай праблемай.

Святы Айцец засяродзіў увагу на антрапагенных прычынах глабальнага пацяплення, асабліва на імкненні абараняць уласныя даходы і перакласці адказнасць за шкоду на бедных і нараджальнасць. Ён заклікаў ануляваць фінансавыя даўгі бедных краін, нагадаўшы пра экалагічны доўг перад імі.

Францішак адзначыў неабходнасць шматбаковага супрацоўніцтва для паскарэння экалагічнай трансфармацыі і аднаўлення даверу. У гэтым кантэксце ён звярнуў увагу на сувязь паміж клопатам аб стварэнні і мірам. “Колькі энергіі траціць чалавецтва на шматлікія войны, як у Ізраілі і Палесціне, ва Украіне і ў многіх рэгіёнах свету: канфлікты, якія не вырашаюць праблемы, а паглыбляюць іх! Колькі рэсурсаў траціцца на ўзбраенне, якое нішчыць жыцці і разбурае наш агульны дом!” - гаворыцца ў папскім пасланні.

Святы Айцец чарговы раз звярнуўся з заклікам, каб сродкі, выдаткаваныя на ўзбраенне, былі накіраваны на барацьбу з голадам. Ён заўважыў, што кліматычныя змены сігналізуюць аб неабходнасці палітычных змен і заклікаў да экалагічнага навяртання.

Францішак запрасіў прысутных на саміце ААН стаць архітэктарамі палітыкі, якая дае канкрэтныя і паслядоўныя адказы. “Калі форум стане прыкладам канкрэтнасці і ўзгодненасці, ён прынясе карысць з нізоў, дзе так шмат людзей, асабліва маладых, ужо адданыя прасоўванню клопату аб нашым агульным доме”, - напісаў ён.

Папа нагадаў аб тым, што амаль 800 гадоў таму святы Францішак Асізскі пасля фізічнага болю напісаў Песню Сонца. “І я, носячы імя Францішак, хацеў бы сказаць вам у сардэчнай малітве: пакінем падзелы і аб’яднаем сілы! І з Божай дапамогай давайце выйдзем з ночы вайны і разбурэння навакольнага асяроддзя, каб ператварыць нашу супольную будучыню ў світанак святла”, - завяршыў сваё пасланне Пантыфік.
 

02 снежня 2023, 11:06