Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
Concerto per violoncello
Расклад Падкасты

Папа на Імшы Божага Нараджэння: любоў перамяняе гісторыю

“Пане, учыні, каб мы паверылі ў моц Тваёй любові, якая так адрозніваецца ад моцы свету”, - заклікаў Папа 24 снежня 2023 года падчас Імшы ў вігілію Нараджэння Пана ў базіліцы святога Пятра.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На пачатку Францішак адзначыў, што нараджэнне Езуса адбылося ў кантэксце “сусветнага перапісу”, і Евангелле паказвае вялікі кантраст: “пакуль імператар лічыць жыхароў свету, Бог уваходзіць у яго амаль таемна; калі тыя, хто камандуе, спрабуюць далучыцца да вялікіх гістарычных дзеячаў, Кароль гісторыі выбірае шлях малога”.

“Езус з’яўляецца не ідалам эфектыўнасці, а Богам уцелаўлення”

“Нашы сэрцы ў гэты вечар у Бэтлееме, дзе Князь міру ўсё яшчэ адкінуты пройгрышнай логікай вайны, з грукатам зброі, якая нават сёння не дазваляе яму знайсці месца ў свеце”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што перапісы насельніцтва ва ўсім свеце выяўляюць занадта чалавечую нітку, якая праходзіць праз гісторыю: нітку свету, які імкнецца да ўлады і моцы, вядомасці і славы, дзе ўсё вымяраецца поспехам і вынікамі, лічбамі і паказчыкамі.

“Гэта апантанасць эфектыўнасцю”, - сказаў ён, паказваючы на Езуса, Які з’яўляецца не ідалам эфектыўнасці, а Богам уцелаўлення. “Ён зрынае несправядлівасць не зверху сілай, але знізу любоўю; Ён не ўваходзіць з неабмежаванай уладай, але спускаецца ў нашы абмежаванні; Ён не пазбягае нашых слабасцей, але прымае іх”, - заўважыў Святы Айцец.

“Хрыстус не ліквідуе праблемы ў нашым жыцці, але дае нашаму жыццю надзею, большую за праблемы”

Ён перасцярог ад перажывання Божага Нараджэння з язычніцкім вобразам Бога – бог, створаны на наш вобраз, карысны толькі для вырашэння нашых праблем і ліквідацыі нашых няшчасцяў. Папа заклікаў адмовіцца ад “мірской ідэі аб далёкім і кантралюючым Богу, суровым і магутным, які дапамагае сваім трыумфаваць над іншымі”. “Езус нарадзіўся для ўсіх падчас перапісу насельніцтва ўсёй зямлі”, - адзначыў ён.

Папа заахвоціў звярнуцца да “жывога і сапраўднага Бога”, Які знаходзіцца па-за межамі чалавечых разлікаў, але дазваляе запісаць сябе з іх дапамогай; да Таго, хто ператварае гісторыю, жывучы ў ёй; да Таго, хто паважае нас настолькі, што дазваляе нам адмовіцца ад Сябе; да Таго, Хто сцірае грэх, узяўшы яго на сябе, Хто не ліквідуе пакуты, але перамяняе іх, Хто не ліквідуе праблемы ў нашым жыцці, але дае нашаму жыццю надзею, большую за праблемы.

“Для Бога чалавек – гэта не лічба, а твар; кожнае імя напісана ў Яго сэрцы”

Францішак падкрэсліў, што цуд Божага Нараджэння – гэта не сумесь дакучлівых пачуццяў і мірскіх суцешак, але неверагодная пяшчота Бога, Які збаўляе свет, прымаючы цела. “Паглядзім на Дзіцятка, паглядзім на Яго яслі, паглядзім на батлейку, якую анёлы называюць “знакам”: гэта сапраўды знак, які адкрывае аблічча Бога, Які ёсць спачуваннем і міласэрнасцю, заўсёды ўсемагутным і толькі ў любові”, - сказаў ён.

Францішак нагадаў аб тым, што Бог прыняў чалавечае цела, таму што Яго цікавіць усё, што датычыць нас, таму што любіць нас настолькі, што лічыць нас больш каштоўнымі за ўсё астатняе, што чалавек – гэта не лічба, а твар; і кожнае імя напісана ў Яго сэрцы.

Ён перасцярог ад успрымання свету, як рэчаіснасці, якая асуджае і не даруе, ад пачуцця нявартасці і незадаволенасці з прычыны сваёй слабасці, няўдач і праблем, прабывання ў "турме сваіх смуткаў". “Той, хто стаў целам, чакае не тваёй эфектыўнасці ў асягненні поспехаў, а твайго адкрытага і даверлівага сэрца. І ў Ім ты зноў адкрыеш, хто ты: ўмілаваны сын Бога, умілаваная дачка Бога. Цяпер ты можаш у гэта паверыць, таму што сёння вечарам Пан нарадзіўся, каб асвятліць тваё жыццё, і Яго вочы ззяюць любоўю да цябе”, - сказаў Францішак.

“Адарацыя – гэта не марнаванне часу, але дазвол Богу напоўніць наш час”

“Хрыстус глядзіць не на лічбы, але на твары”, - сказаў Папа і заахвоціў сваіх слухачоў не паддавацца шалёнай парыве свету, заўсёды занятага і абыякавага. “У Бэтлееме, у той час як многія людзі, ахопленыя вар’яцтвам перапісу, прыходзілі і сыходзілі, напаўняючы гасцініцы, размаўляючы пра тое і гэта, некаторыя былі блізкія да Езуса: Марыя і Юзаф, пастухі, а потым мудрацы. Мы вучымся ў іх. Яны стаяць з позіркам, скіраваным на Езуса, сэрцам звернутым да Яго. Яны не гавораць, але аддаюць пашану”, - звярнуў увагу Святы Айцец.

Ён заахвоціў да адарацыі, якая з’яўляецца спосабам прыняцця Уцелаўлення. “Давайце нанова адкрыем для сябе адарацыю, бо адарацыя – гэта не марнаванне часу, але дазвол Богу напоўніць наш час. Яна таксама дазваляе насенню ўцелаўлення расквітнець і супрацоўнічае ў справе Пана, Які змяняе свет, як закваска. Гэта таксама заступніцтва, выпраўленне і дазвол Богу выправіць справы”, - заклікаў Пантыфік.

“У гэтую ноч любоў перамяняе гісторыю”, - сказаў на заканчэнне сваёй гаміліі Францішак і заклікаў: “Учыні, Пане, каб мы паверылі ў моц Тваёй любові, якая так адрозніваецца ад сілы свету. Учыні, каб мы, як Марыя, Юзаф, пастухі і мудрацы, сабраліся вакол Цябе, каб ушаноўваць Цябе. Праз Цябе, прыпадобніўшыся да Цябе, мы зможам сведчыць свету пра прыгажосць твайго аблічча”.
 

24 снежня 2023, 21:17
Prev
December 2024
SuMoTuWeThFrSa
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031    
Next
January 2025
SuMoTuWeThFrSa
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031