Пошук

Падчас Сусветных дзён моладзі 2023 года ў Партугаліі Падчас Сусветных дзён моладзі 2023 года ў Партугаліі  (ANSA)

Папа пра добрыя перспектывы развіцця адносін з Паўднёвай Карэяй

Францішак спадзяецца на развіццё супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Карэя і Святым Пасадам. 11 снежня 2023 года ён накіраваў тэлеграму, прымеркаваную да 60-годдзя дыпламатычных адносін паміж дзяржавамі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На думку Папы, “гэта знамянальная ўрачыстасць з'яўляецца момантам падзякі ўсемагутнаму Богу за шматлікія ласкі, атрыманыя каталіцкай супольнасцю і карэйскім народам на працягу апошніх дзесяцігоддзяў”. У прыватнасці, лічыць Святы Айцец, трэба быць удзячнымі “за распаўсюджванне Евангелля, рост мясцовага Касцёла і яго ўклад у дабрабыт карэйскага грамадства”. Ён упэўнены ў тым, што “гэты ўплыў будзе працягваць прыносіць культурныя і духоўныя плёны, асабліва для людзей маргіналізаваных, абяздоленых і пазбаўленых надзеі”.

У тэлеграме Францішак згадаў свой візіт у Паўднёвую Карэю ў 2014 годзе і беатыфікацыйную Імшу карэйскіх мучанікаў, “якія з любові да Езуса і з жадання распаўсюджваць Божую Міласэрнасць аддалі сваё жыццё на гэтай зямлі і пасеялі тое, што стала квітнеючым і яркім Касцёлам”.

Паводле пераканання Святога Айца, менавіта маладыя людзі з’яўляюцца спадкаемцамі гэтага вялікага сведчання веры”. Ён моліцца аб тым, каб карэйская моладзь “працягвала гэта каштоўнае сведчанне аб Хрысце, рыхтуючыся да святкавання Сусветных дзён моладзі”, якія пройдуць ў азіяцкай краіне ў 2027 годзе.

“Я таксама спадзяюся на тое, што добрыя адносіны паміж Рэспублікай Карэя і Святым Пасадам будуць і далей квітнець, калі мы працягнем разам працаваць над пытаннямі, якія ўяўляюць агульны клопат, асабліва над пытаннямі міру і згоды на Карэйскім паўвостраве”, - напісаў Францішак.
 

11 снежня 2023, 12:38